Прадстаўнікоў 20 краін сабраў III Міжнародны форум дзелавых кантактаў у Брэсце

28 апреля 2018

Бізнес-дыялог беларускіх і замежных кампаній у Брэсце. Прадстаўнікоў 20 краін сабраў III Міжнародны форум дзелавых кантактаў. Падпісаны новыя інвестпагадненні ў сферы вытворчасці, гандлю і паслуг, у тым ліку дамоўленасць аб узаемадзеянні з клубам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, што стане важным этапам у стасунках з краінамі далёкай дугі.

Падрабязнасці ў рэпартажы Вікторыі Патоні.

Галоўнай пляцоўкай для бізнес-дыялогу на два дні стаў Брэсцкі лёгкаатлетычны манеж. Наладжаны не толькі сустрэчы, цэнтральнае месца на форуме займае выстава.

Свае тавары і паслугі прэзентуюць 120 экспанентаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Італіі і Егіпта. Гэта добрая магчымасць абмяняцца кантактамі для далейшага супрацоўніцтва.

На форум прыехалі больш за 100 замежных гасцей з 20-ці краін свету. Гэта афіцыйныя дэлегацыі, дыпламаты, бізнесмены і прадстаўнікі кампаній.

Сваю распрацоўку - інавацыйную транспартную сістэму Sky Way - прапанавала беларуская інжынірынгавая кампанія. Над праектам Анатоль Юніцкі працаваў амаль 40 гадоў. Мадэль паветранай трасы ўяўляе сабой аўтамабіль на стальных рэйках. Прыхільнікі ідэі пераконваюць: транспарт будучыні экалагічны і таннейшы.

Аляксей Мурашка, супрацоўнік ТАА "Белтранснэт": “Выкарыстоўваецца значна менш металу, значна менш бетону за кошт канструктарскіх уласцівасцяў”.

Дарэчы, сёння толькі ў Брэсцкім рэгіёне працуюць амаль 280 прадпрыемстваў з замежным капіталам. Падчас форуму былі падпісаны тры інвестыцыйныя пагадненні амаль на 20 млн рублёў - у сферы чыгуначнага транспарту і сельскай гаспадаркі. Ёсць таксама дамоўленасць пашырыць вытворчасць прадпрыемства з амерыканскімі інвестыцыямі ў Пінску. Там выпускаюць крэмніевыя пласціны для мікраэлектронікі. Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве і з дзелавым клубам ШАС і Падляскім ваяводствам.

Андрэй Клец, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама: "Таксама мы заключылі пагадненні з ШАС. Гэта дзелавы клуб. Папярэднія прапрацоўкі ў нас з імі ёсць. Я думаю, што гэта першы крок, які мы зробім. І потым наступныя сустрэчы ў іншных рэгіёнах - Расійская Федэрацыя, Кітай, Пакістан. Я думаю, што гэтыя напрамкі ў нас будуць больш шырока развівацца з удзелам гэтай арганізацыі".

Ежы Ляшчынскі, маршалак Падляскага ваяводства (Польшча): "Мы падпісалі пагадненне аб больш цесным супрацоўніцтве, без пасрэднікаў. Гэта паспрыяе развіццю абодвух рэгіёнаў. Бязвізавы рэжым цяпер з Брэстам і Гроднам - гэта магчымасць замацаваць партнёрскія добрасуседскія стасункі і выключная нагода ствараць сумесныя турыстычныя праекты".

Сумесны беларуска-нямецкі праект па дрэваапрацоўцы падчас форуму прэзентаваў самы буйны вытворца мэблі ў Германіі. Холдынг POLIPOL зацікаўлены ў развіцці бізнесу на нашай тэрыторыі. Фабрыка размесціцца ў Івацэвічах, ужо выбрана пляцоўка. Інвестыцыі складаюць не менш за 20 мільёнаў еўра. Прадпрыемства арыентавана на экспарт прадукцыі ў краіны Еўрасаюза. Запуск вытворчасці магчымы ўжо ў верасні.

Андрэй Ісак, галоўны інжынер холдынгавай кампаніі POLIPOLHOLDING (ФРГ): "У Івацэвічах мы плануем пабудаваць самую буйную ў Еўропе мэблевую фабрыку, дзе змогуць працаваць больш за 1200 чалавек. Зараз мы адабралі 50 работнікаў, каб адправіць на стажыроўку ў Польшчу, на нашы вытворчасці. Пакуль мы будзем працаваць на арандаваных плошчах. У 2020 годзе пачнем будаўніцтва ўласнай фабрыкі".

У пашырэнні геаграфіі экспартных паставак зацікаўлены і беларускія вытворцы. У межах форуму адбыліся дзелавыя сустрэчы, аўкцыённыя таргі. На біржы былі выстаўлены 20 аб’ектаў, якія, магчыма, ажывуць дзякуючы інвестыцыям. Галоўным паказчыкам форуму дзелавых кантактаў стануць далейшыя стасункі па-за сценамі канферэнц-залаў і выстаў.