Сёлета свята хлебаробаў абласнога маштабу ў Гродзенскай вобласці прымала Дзятлава
І, канечне, свята работнікаў АПК суправаджаецца багатымі кірмашамі, канцэртамі і народнымі гуляннямі. Сёлета свята хлебаробаў абласнога маштабу ў Мінскай вобласці прымала Вілейка, а ў Гродзенскай - Дзятлава. Па традыцыі горад-гаспадар рупліва рыхтаваўся да прыёму гасцей. Як змяніўся населены пункт, раскажа Вольга Пілянчук.
У каляровых будынках, шкляных фасадах, каваных лесвіцах распазнаць Дзятлава цяпер цяжка. Асабліва перамены адчуваюцца ў цэнтры горада. Дабрацца сюды зараз можна па новых дарогах. Адноўлены тратуары і мост.
Парк, па якім працякае мясцовая рачулка, старадаўні. І раней ён быў любімай мясцінай гараджан, такім застаецца і зараз. Цяпер жа тут можна будзе не толькі адпачываць і дыхаць свежым паветрам, але і захапляцца новымі архітэктурнымі формамі.
Як напамін аб свяце ў Дзятлаве застануцца вось гэтыя эксклюзіўныя лаўкі. Іх у падарунак мясцовым жыхарам рабілі 17 лесагаспадарак вобласці.
Традыцыйна ў падрыхтоўцы свята працаўнікоў сяла ўдзельнічае не толькі пэўны раён, але і ўся вобласць. Напрыклад, вось гэтыя кветкавыя кампазіцыі стварылі камунальнікі рэгіёна. Дзіцячы гарадок – справа рук майстроў лесагаспадарак.
Літаральна некалькі месяцаў таму дзятлаўскі Дом культуры атрымаў новы статус – Цэнтр культуры і народнай творчасці. Гучнай назве цяпер адпавядае цалкам адноўлены будынак.
Дзякуючы рэканструкцыі новы цэнтр стане больш функцыянальным. Напрыклад, у мясцовай цыркавой студыі з’явіцца касцюмерная і зала для рэпетыцый.













