Праваслаўны свет на тыдні адзначыў Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай

8 июня 2019

Па традыцыі ў храмах старажытнага горада прайшлі набажэнствы, а хрэсны ход аб’яднаў больш за пяць тысяч вернікаў. Як праходзіла свята ў гонар святой, якую ўшаноўвае ўвесь хрысціянскі свет, у рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

Хрэсны ход па вуліцах Полацка – жывая рака, у якую сцякаюцца вернікі з усіх навакольных храмаў. Спеў званоў, харугвы і кветкі. У старажытным горадзе свята. 5 чэрвеня праслаўляюць імя прападобнай Еўфрасінні.

Цэнтрам урачыстасцей Полацк становіцца штогод, бо менавіта тут знаходзіцца манастыр, заснаваны беларускай святой, і тут, у сярэбранай рацы, захоўваюцца мошчы прападобнай.

У гэты дзень малітва ля мошчаў Еўфрасінні Полацкай пачынаецца з першымі прамянямі сонца. Сам манастыр урачыста прыбраны: ля ног вернікаў дываны з жывых кветак, сатканыя працавітымі рукамі насельніц манастыра.

Адзін раз на год, 5 чэрвеня, праходзяць святочныя набажэнствы ў Сафійскім саборы. Менавіта адсюль пачынаўся духоўны шлях прападобнай. Час змяніў архітэктуру Сафіі і прызначэнне - зараз гэта музей і канцэртная зала, але сёння - гэта месца малітвы.

Яшчэ адна традыцыя: хрэсны ход у манастыры сустракаюць крыжам Еўфрасінні. Гэта дакладная копія страчанай у гады вайны рэліквіі. Амаль тысячагоддзе падзяляе нас з прападобнай, але вынік яе дзейнасці мы адчуваем і сёння. Кожны год на тэрыторыі Еўфрасіннеўскага манастыра навукоўцы робяць новыя адкрыцці. Так, у 2015-ым з зямлі дасталі актавую пячатку ігуменні Еўфрасінні, а летась ля сцен Спаскага храма адкрылі падземны храм-пахавальню. Інакш, як цудам і пацвярджэннем любові і абароны святой палачане гэта не называюць.

Сёлета археолагі працягнуць пошукі. Да навукоўцаў Полацкага дзяржуніверсітэта, расійскага Дзяржаўнага Эрмітажа далучацца гісторыкі Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова.