Пажылым людзям сталіцы перадалі экстранныя кнопкі дапамогі

24 ноября 2018

Пакуль гэта пілотны праект хатняга патранажу. Яго ўдзельнікі – 15 чалавек, якія пражываюць адны. Паўсюль яны ходзяць са спецыяльным кулонам бяспекі. Адным націскам на яго можна выклікаць аператара кол-цэнтра, які аператыўна прыме рашэнне аб дапамозе. Праект прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі.

Марына Мураўёва сустрэлася з удзельнікамі праекта. Незвычайны гаджэт ад кругласутачнага сэрвісу дапамогі пажылым людзям атрымалі ўдзельнікі сацыяльнага праекта. Гермаген Кандратавіч адзін з іх. У свае 93 хоць і жыве адзін, але часу сядзець на месцы няма: былы камандзір пяхотнага аддзялення падчас Вялікай Айчыннай і зараз кіруе, але ўжо ветэранамі Савецкага раёна. Апошнім часам, здараецца, страчвае прытомнасць, таму кулон бяспекі заўсёды з ім.

Такі дадатковы абярэг вось ужо які дзень запар пастаянны спадарожнік і Валянціны Іванаўны. Два разы на тыдзень спраўляцца па гаспадарцы ёй дапамагае сацыяльны работнік. У астатнія дні пажылая жанчына застаецца адна. У сына не кожны дзень атрымліваецца наведваць маці. Прагулкі на свежым паветры абавязковыя ў распарадку дня жанчыны.

З дапамогай такога гаджэта адным націскам можна звязацца з аператарам кол-цэнтра, дзе аператыўна прымуць рашэнне аб экстраннай дапамозе сталаму чалавеку. Пакуль такія чыпы маюць 15 чалавек Мінска. Усе яны прымаюць удзел у пілотным праекце дыстанцыйнага патранажу.

У фармаце 24 на 7 аператар кол-цэнтра прымае ўсе сігналы з кулонаў.

На гэтай інтэрактыўнай карце бачныя ўсе ўдзельнікі эксперыменту. Вось, напрыклад, наша сённяшняя гераіня Валянціна Іванаўна. Бачым: трэкер працуе. Апошняя актыўнасць каля хвіліны таму. Ёсць каардынаты GPS і нават зарад батарэі кулона.

Акрамя гэтага, можна прасачыць і маршрут пажылых людзей са спадарожніка. На кожнага ўладальніка экстраннай кнопкі заведзена спецыяльная картка з адрасам пражывання, дыягназам, спісам лекаў, якія ён прымае, кантактная інфармацыя дзяцей.

Паступова такую дадатковую дапамогу атрымаюць усе ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай, якія пражываюць у Мінску. Сёння іх больш за 2 тысячы.