Полацк запрасіў аматараў салодкага пачастунку на мядовы фестываль

17 Жніўня 2019

У горадзе ён праходзіць шмат гадоў і стаў адным з самых доўгачаканых свят. Мядовыя тарты і багацце выпечкі. На фестывалі падвялі вынікі адразу некалькіх салодкіх конкурсаў. Мёдам новага ўраджаю частавалася і Марына Раманоўская.

Мядовая алея ў цэнтры Полацка. На салодкі фестываль прыехалі пчаляры з усяго раёна. Мёд на любы густ. І самае галоўнае – увесь прадукт натуральны. На свята запрашаюць толькі тых, хто гарантуе якасць салодкага бурштыну.

Шмат гадоў Полацкі раён з’яўляецца адным з найбуйнейшых цэнтраў мядовага промыслу краіны. У гэтым годзе, расказваюць пчаляры, ураджай добры. Падчас фестывалю падвялі вынікі кулінарнага конкурсу. Гатавалі пачастункі - мёд новага ўраджаю.

Пчолы Віктара Мацейкі асабліва папрацавалі ў гэтым мядовым сезоне. Другі раз ён стаў лепшым пчаляром раёна. На пчальніку 30 сем’яў. Паласатых суседзяў на прысядзібны участак пасяліў 11 гадоў таму. І з таго часу  мёду, воску, праполісу ў дастатку.

Мясціны тут не толькі жывапісныя, але і смачныя для пчол - побач палі з меданоснымі раслінамі. На ўчастку растуць яблыні і ліпы.

Каб атрымаць салодкі ўраджай,  важна выбраць правільнае месца для вулляў. Аптымальны варыянт для размяшчэння - сад. Многія пчаляры практыкуюць мабільныя пчальнікі з выездам на разнатраўе.

Рэгіна і Уладзімір Карнілавы  нядаўна адсвяткавалі залатое вяселле,  столькі ж - 50 гадоў - на сямейным стале залацісты пачастунак. Ад цукру даўно адмовіліся. У гэтым сезоне іх пчолы сабралі прыкладна 4 тоны мёду. Каб атрымаць такі ўраджай, кажуць гаспадары, трэба аддана папрацаваць і пчаляру.

Мядовую справу Карнілавых працягваюць іх дзеці. Для дынастыі пчаляроў мёд  не толькі захапленне ўсяго жыцця, але і сакрэт бадзёрасці і даўгалецця. У 72 гады Рэгіна Карнілава спрытна кіруе мапедам - дастаўляе мёд у навакольныя вёскі.