Паліна Тарамына стала пераможніцай міжнароднага конкурсу

17 февраля 2018

Паліна Тарамына цяпер не толькі самая вядомая навучэнка ў чацвёртай магілёўскай гімназіі, але і ва ўсёй краіне. Летась яна накіравала на міжнародны конкурс некалькі сваіх вершаў і стала пераможніцай. У якасці ўзнагароды беларускай дзяўчынцы прапанавана выступіць у штаб-кватэры ААН. З юнай паэтэсай пазнаёмілася і наша здымачная група.

Расказвае Андрэй Ястрабаў: Праменад уздоўж маляўнічага берага Дняпра, нягледзячы на надвор’е. Для юнай паэтэсы з Магілёва Паліны Тарамыны гэта звычайная справа. Бо менавіта у такія моманты, расказвае дзяўчынка, і атрымліваюцца самыя лепшыя вершы.

Зразумела, прадмета па напісанні вершаў пакуль не існуе. Гэта выключна талент. Аднак у гімназіі № 4 Магілёва, дзе атрымлівае веды юная паэтэса, стараюцца такія здольнасці вучняў падтрымліваць.

Юная паэтэса ўпэўнена - менавіта талент пісаць вершы дапамагае ёй быць паспяховай і ў вучобе. Класны кіраўнік прапанавала нават большае – выйсці на міжнародны узровень, даслаць свае творы на конкурс, які праходзіў пад эгідай ААН. І мела рацыю.

Журы ўразіла, з якой пяшчотай юная паэтэса з Беларусі расказвае у вершах пра Радзіму і сяброўства. Сама ж 15-гадовая Паліна лічыць, што няма нічога больш каштоўнага на свеце.

Тым часам Паліна Тарамына стала ўсё часцей гартаць старонкі кніг Цвятаевай, Гумілёва. У вольную хвіліну забягае ў школьную бібліятэку. Карысную для сябе інфармацыю шукае і на літаратурных сайтах. Натхнілася на напісанне новых вершаў…

Напярэдадні юная паэтэса атрымала запрашэнне выступіць у штаб-кватэры ААН разам з аднагодкамі з іншых краін - Балгарыі і Расіі.

Зразумела, Паліна Тарамына – не адзіная беларуска, якая наведае штаб-кватэру Арганізацыі Аб’яднаных Нацый за яе гісторыю. Праца многіх беларускіх палітыкаў звязана з дзейнасцю гэтага міжнароднага аб’яднання, стваральнікам якога, дарэчы, з’яўляецца і Беларусь. Аднак каб перад еўрапейскімі палітыкамі выступіла звычайная беларуская школьніца – такое адбудзецца ўпершыню для нашай краіны. Летам Паліна Тарамына адправіцца ў Жэневу.



Зараз чытаюць