Пад Брэстам пасадзілі Сад дружбы

29 июня 2019

Анамальная чэрвеньская гарачыня дапамагла прыжыцца цеплалюбівым раслінам пад Брэстам. Там пасадзілі Сад дружбы: з Таджыкістана прывезлі некалькі тысяч саджанцаў абрыкоса, яблыні, чарэшні і вінаграда. Паспрабаваць першы ўраджай можна будзе ўжо наступным летам.

Падрабязнасці - у Марыі Тройніч. У садзе прадпрыемства Астрамечава ўжо прадчуваюць будучы ўраджай. Вясной тут пасадзілі кусты азіяцкага вінаграду. Саджанцы добра прыжыліся і хутка для лазы пачнуць будаваць каркас. Надвор'е - што трэба: цяпло і шмат сонца. Паводле слоў спецыялістаў, на радзіме раслін - у Таджыкістане - зараз такая ж тэмпература, як ў Брэсце - каля 30 градусаў.

Плады вінаграду будуць зялёнымі і ружовымі. У вырошчванні вырашылі злучыць беларускія і таджыкскія тэхналогіі.

Па суседстве з вінаградам расце чарэшня. Для мясцовых спецыялістаў гэта таксама эксперымент – ягаду тут яшчэ не вырошчвалі, але і ёй на брэсцкай зямлі аказалася камфортна. Першы ураджай можна будзе збіраць ужо ў наступным годзе.

Усяго з Таджыкістана прывезлі 6 тысяч саджанцаў. Акрамя чарэшні і вінаграду, на 13 гектарах пасадзілі яшчэ яблыні і абрыкосы. Прычым падбіралі самыя марозаўстойлівыя сарты - на выпадак суровай беларускай зімы. Пакуль маразы - адзінае, чаго асцерагаюцца садаводы. Мінімальная тэмпература, якую змогуць вытрымаць азіяцкія расліны, мінус 27 градусаў.

Азіяцкія садавіна і ягады звычайна больш салодкія і вялікія за тыя, што растуць у нашым клімаце. Але якім на смак будзе ўраджай з Саду дружбы - пакуль загадка нават для садаводаў. Чакаць засталося нядоўга, і калі эксперымент удасца, таджыкскія сарты ў Беларусі пачнуць вырошчваць у прамысловых маштабах.