Амаль тысячу разнастайных званочкаў сабрала жыхарка Верхнядзвінска

11 марта 2017

Сапраўдны музей у звычайнай кватэры. Амаль тысячу разнастайных званочкаў сабрала жыхарка Верхнядзвінска. У хатняй экспазіцыі - старадаўнія і сучасныя званочкі з самых розных краін свету. І калекцыя прадаўжае папаўняцца. Наш карэспандэнт Марына Раманоўская зараз знаходзіцца ў незвычайным музеі і адзначае, што ўсе экспанаты дазваляецца патрымаць у руках.

Людміла Гагалінская ўпэўнена: па яе калекцыі можна вывучаць геаграфію. Егіпет, Мальта, Партугалія, Філіпіны - у экспазіцыі званочкі больш чым з трыццаці краін свету. Напрыклад, вось гэтыя дамы ў Верхнядзвінск прыехалі з Тайланда. Побач - вытанчаныя фігуркі з Італіі.

Гэты пакой у кватэры Людмілы Гагалінскай больш нагадвае музей. Але апісання да экспанатаў тут не ўбачыш. Калекцыянер дакладна памятае пра кожны прадмет. Вось, напрыклад, гэты званочак - адзін з першых стаў часткай вялікай калекцыі.

Керамічныя, шкляныя і нават драўляныя. У кожнага экспаната - сваё адмысловае гучанне. Меладычнасць горнага хрусталю па-за канкурэнцыяй. А вось гэты бронзавы званочак, дарэчы, адзін з самых вялікіх у хатняй экспазіцыі, мае свій, непаўторны, звонкі голас.

Цікавіцца калекцыянер і гісторыяй сваіх экспанатаў. У культуры розных народаў званочкі здаўна мелі сваё значэнне і нават магічныя функцыі. Рытуальныя бразготкі трапілі ў калекцыю Людмілы Гагалінскай з Індыі. Лічыцца, што яны выконваюць функцыю абярэга.

Вялікая частка экспанатаў - хэнд-мэйд. Некаторыя з іх калекцыянер набыла праз інтэрнэт-аўкцыёны. Экспазіцыю таксама дапамагаюць збіраць сваякі і сябры. Ведаюць, што лепшы падарунак для жанчыны - новы званочак для міні-музея.

Захапляецца жанчына і падарожжамі. З паездак па цікавых мясцінах абавязкова прывозіць не магніцік, а званочак. Такі сувенір не толькі нагадвае пра яскравыя моманты турнэ, але і сагравае сэрца сваёй мілагучнасцю.