Першы ў краіне адукацыйны цэнтр Чырвонага Крыжа адкрыўся ў Гомелі

14 сентября 2019

Гэта ўнікальны праект па рабоце з дзецьмі школьнага і дашкольнага ўзросту. У цэнтры іх вучаць усяму, што можа спатрэбіцца ў жыцці: ад правілаў этыкету да навыкаў пажарнай бяспекі. Пры гэтым заняткі з дзецьмі пабудаваны па спецыяльнай методыцы. Замежны вопыт валанцёры Чырвонага Крыжа прывезлі з Даніі. Акцэнт зроблены на рабоце з дзецьмі, якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі. Дарэчы, ужо з першых дзён у цэнтр сталі паступаць заяўкі ад усіх катэгорый насельніцтва і нават ад бацькоў. Сярод наведвальнікаў цэнтра аказалася і Ганна Кавалёва.

Урокі этыкету, бяспекі, валанцёрства або здароўя. Гэты цэнтр гамяльчане ўжо назвалі "школай жыцця". Бо ў праграме заняткаў тое, што будзе карысным у побыце, дапаможа вызначыцца з будучай прафесіяй або паслужыць матывацыяй дзецям выправіць дрэнныя паводзіны.

Асаблівая ўвага тут - цяжкім падлеткам і тым, хто апынуўся ў сацыяльна небяспечным становішчы. У рабоце з такімі дзецьмі выкарыстоўваецца комплексны падыход. Гэтую сацыяльную місію ўзялі на сябе актывісты Чырвонага Крыжа, а вопыт запазычылі ў калег з Даніі.

Зацікавіць цяжкага падлетка - задача няпростая. Але тут будуць прымяняць асаблівую методыку. У аснове – псіхалагічны падыход і гульнявая форма навучання.

Яшчэ адна ўмова - невялікая колькасць дзяцей у кожнай групе. Сярод выкладчыкаў - валанцёры Чырвонага Крыжа, студэнты універсітэтаў і каледжаў Гомеля, ратавальнікі, медыкі. У іх педагагічным арсенале тэматычныя пазлы, урокі малявання, міні-флэшмобы і кінапаказы. А на памяць карысныя падарункі.

З кожным заняткам колькасць наведвальнікаў расце. Толькі за першы месяц, згодна з папярэднімі падлікамі, цэнтр наведваюць больш за сотню чалавек. Таму ўжо зараз арганізатары задумваюцца аб расшырэнні праекта і павелічэнні колькасці вучэбных груп.

Дарэчы, валанцёраў, якія жадаюць прымераць ролю настаўнікаў, ужо каля 200 чалавек. У іх раскладзе толькі на верасень - правесці з дзецьмі дні дабра, здароўя, а таксама Дзень навукі  і  Дзень юнага пешахода.