Знаходзіцца ён на балансе смеццеперапрацоўчага завода, а пабудаваны ўсяго за тры месяцы. Адначасова тут могуць знаходзіцца амаль 300 гадаванцаў. І калі раней у горадзе праводзілі адлоў бяздомных жывёл і затым іх усыплялі, то цяпер кожны з чатырохногіх сяброў мае шанц на ўладкаванне.
Тэму працягне Вікторыя Патоня. На гэтым участку па адлове і ўтрыманні бяздомных жывёл у кожнага гадаванца свая трагічная гісторыя. Усе яны пакінутыя і адзінокія. Ветэрынар Дзіна Скавародка штодзень абследуе чатырохногіх, пры дапамозе медыкаментаў вяртае ім сілы. На ўчастку прадугледжаны вальеры пад каранцін, сістэма вентыляцыі і асвятленне. Прытулак разлічаны на 128 сабак і 90 катоў.
Валанцёры тут частыя госці. Прыносяць ласункі, прыбіраюць вальеры, выгульваюць і дрэсіруюць сабак на спецыяльнай пляцоўцы.
На тэрыторыі прытулка ўсталявана першая ў горадзе скрыня для збору сродкаў на ўтрыманне і лячэнне бяздомных жывёл. Плануецца, што такія скрыні з’явяцца ў розных пунктах Брэста. Таксама нераўнадушныя людзі прывозяць сюды корм, дапамагаюць даглядаць кошак і сабак. Але самае важнае для чатырохногіх гадаванцаў – трапіць у надзейныя рукі, знайсці свайго гаспадара.
Уладкоўваюць жывёл сумеснымі намаганнямі, у тым ліку праз дабрачынныя акцыі і інтэрнэт-сайты. На кожным вальеры – таблічка з інфармацыяй пра гадаванца. Адны людзі прыязджаюць сюды пазбавіцца ад сябра, другія – яго знайсці. Менавіта так і з’явіўся ў сям’і Старавойтавых гэты чорны брутал. Кот любіць ездзіць у машыне, не баіцца бытавых прыбораў. І на дзіва гаварлівы.
А вось гэты беласнежны прыгажун Міша ў прытулку амаль два месяцы. Валанцёры спадзяюцца, што ў разумнага і добрага сабакі абавязкова з’явіцца гаспадар.
Пакуль у прытулку жывёл абследуюць, лечаць, аднак не маюць права стэрылізаваць і праводзіць аперацыі. Але ў найбліжэйшы час такія працэдуры стануць даступнымі: прадпрыемства атрымлівае ліцэнзію.
Спецыялісты перакананы, што з’яўленне такога цэнтра – вялікі крок наперад у вырашэнні праблемы з бяздомнымі жывёламі. Але яна не знікне, пакуль ёсць людзі, па віне якіх нашы чатырохногія сябры аказваюцца на вуліцы.













