Першы трамвайны вагон у Віцебску пусцілі ў 1898 годзе

9 апреля 2016

Віцебск роўна 120 гадоў таму заключыў, сучаснай мовай кажучы, інвестыцыйны дагавор на будаўніцтва электрычнай чыгункі з французам Фернанам Гільёнам. А праз 2 гады па губернскім горадзе ўжо каціўся першы трамвай. З новым відам пасажырскіх перавозак у горад прыйшла і электраэнергія. Магутнасцей пабудаванай станцыі хапіла на асвятленне вуліц, устаноў і нават прыватных дамоў. На трамваі з такой багатай гісторыяй праехаў Артур Смалякоў.

Першы трамвайны вагон у Віцебску пусцілі ў 1898 годзе. Ён прайшоў менавіта тут, па цяперашняй вуліцы Леніна да плошчы Свабоды. Гэта дзіва тэхнікі губернскі горад убачыў раней, чым жыхары Санкт-Пецярбурга і Масквы.

Праз некалькі гадоў Віцебскі трамвайны парк налічваў 18 маторных і 16 прычапных вагонаў. Даўжыня першай лініі – амаль 5 кіламетраў. Вадзіцелямі электрычнага транспарту ў той час бралі толькі мужчын. На ўваходзе яны інтэлігентна падавалі дамам руку. Упершыню вулічны цягнік віцябляне ўбачылі менавіта такім. Мадэль з двума сапраўднымі электрарухавікамі ў гарадскім трамвайным парку сабралі за 8 месяцаў. Копія вагона 19 стагоддзя - сапраўдны гонар дэпо. Ганарацца тут і экскурсійным транспартам у стылі рэтра.

Зараз у Віцебску 9 трамвайных маршрутаў агульнай працягласцю больш за 200 кіламетраў. Гэты від транспарту даўно стаў сімвалам горада. У яго гонар стварылі музей. У экспазіцыі 5 аддзелаў і больш як 2 тысячы экспанатаў: дакументы, макеты вагонаў, фатаграфіі, карціны і схемы маршрутаў.

Аксана Захарчанка, экскурсавод музея гісторыі Віцебскага трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення: "У нас у музеі ёсць унікальная рэйкі фірмы "Бохум" 1898 года. Мы ганарымся ёй, яна ў нас магічная. Можа выконваць жаданні. А яшчэ ў музеі ёсць бельгійская акцыя на 120 франкаў пад назвай "Віцебскія трамваі". Нядаўна яе выкупілі на аўкцыёне за мяжой".

Прафесію "вадзіцель гарадскога транспарту" можна смела ставіць да адной з самых складаных і адказных. Нават пасля праходжання строгага адбору пры паступленні на службу вытрымліваюць далёка не ўсе.

Сёння па абласным цэнтры штодзень курсіруюць амаль 60 трамваяў. Вадзіцелямі працуюць 165 чалавек. 80% - жанчыны.

Супрацоўнікі дэпо падлічылі, што за 118 гадоў прабег трамвая ў абласным цэнтры склаў больш за 600 мільёнаў кіламетраў. Сёння ён упэўнена працягвае свой рух, а значыць, у летапіс прадпрыемства і горада будзе ўпісана яшчэ нямала новых старонак.