Першы “Трактар-квест” з элементамі арыентавання правялі ў Шчучыне

9 марта 2019
Ралі па лясных дарогах і незвычайныя конкурсы на манеўровай пляцоўцы. Першы “Трактар-квест” з элементамі арыентавання правялі ў Шчучыне. 10 экіпажаў мясцовых гаспадарак дэманстравалі не толькі віртуознае валоданне сельгастэхнікай, але і дасканалае веданне гісторыі роднага краю. 

Трактарныя гонкі ўбачыў Юрый Карняловіч. Спаборніцтвы механізатараў з элементамі квесту. Менавіта такі фармат абралі арганізатары першага конкурсу трактарыстаў-машыністаў у Шчучыне. Да заездаў удзельнікі рыхтаваліся некалькі тыдняў. Свае экіпажы выставілі ўсе асноўныя гаспадаркі раёна і прадпрыемства ЖКГ. Адны стаўкі рабілі на маладосць і эрудыцыю, іншыя збіраліся перамагчы дзякуючы вопыту.

Механізатар са стажам Валерый Вейка разлічвае як мінімум на месца ў тройцы лепшых. За 15 гадоў, прызнаецца, даводзілася не раз выпрабоўваць і сябе, і тэхніку. А тут яшчэ такая група падтрымкі. Дачка прывяла на спаборніцтва ўсіх родных і знаёмых.

Пачатак спаборніцтваў традыцыйны. Перш чым сесці за руль, неабходна пацвердзіць веданне правілаў дарожнага руху. І толькі здаўшы своеасаблівы экзамен, удзельнікі дапускаюцца на манеўровую пляцоўку.

Хуткаснае праходжанне дыстанцыі, васьмёрка заднім ходам. Бадай, самым відовішчным конкурсам стала пераліванне вады з вядра ў ёмістасць пры дапамозе трактара. У гэтыя самыя адказныя хвіліны сваім экіпажам актыўна дапамагаюць балельшчыкі. 

І толькі прайшоўшы ўсе конкурсы на пляцоўцы, экіпажы дапускаюцца да галоўнага выпрабавання – 15-кіламетровага ралі па лясным бездарожжы з элементамі квеста. Траса для ўдзельнікаў невядомая, таму арыентавацца прыйшлося выключна па GPS-навігатары.

Каб перамагчы ў квесце, механізатару неабходна не толькі дасканала валодаць тэхнікай, але і быць яшчэ і тэарэтычна падрыхтаваным. Прыехаўшы на кантрольны пункт, ён атрымлівае вось такі пакет з пытаннямі па гісторыі Беларусі ці Шчучынскага краю.  Асобныя удзельнікі спаборніцтваў шукалі свае кантрольныя пункты па некалькі гадзін, блукаючы па навакольных лясах. Праўда, у канчатковым выніку ўсе экіпажы ўсё ж  дайшлі да фінішу.

Першы “Трактар-квест” у Шчучыне атрымаўся выключна раённага маштабу. Аднак ужо ў наступным годзе на такія спаборніцтвы свае экіпажы плануюць выставіць гаспадаркі з усіх раёнаў Гродзеншчыны.