Першы месяц 2020 года пабіў тэмпературныя рэкорды і здзівіў многіх садаводаў

25 января 2020
На поўдні краіны заўважылі гусей і жораваў. На поўначы прачнуліся кветкі. Студзень запомніцца беларусам прыроднымі анамаліямі. Першы месяц 2020 года пабіў тэмпературныя рэкорды і здзівіў многіх садаводаў. Напрыклад, пад Оршай  зазелянела капуста кале, з зімовага сну выйшлі вясеннія расліны.  Наш карэспандэнт Марына Раманоўская ўразілася яркімі  фарбамі ў сярэдзіне зімы. 

З зямлі паказаліся парасткі цюльпанаў і крокусаў, прачнуліся нарцысы, зелянее капуста кале. Багацце фарбаў на участку - звыклая справа для садавода-аматара. Але не ў сярэдзіне зімы. Такога цёплага студзеня, кажа Святлана Шалашэнь, адразу і не ўзгадаеш. Дачны сезон быццам і не заканчваўся. 

Упрыгожвае участак марознік. Звычайна прыгожыя кветкі радуюць гаспадыню ў канцы красавіка. Сёлета расліна з зімовай назвай прачнулася як ніколі рана. Фотаздымкамі студзеньскіх цудаў Святлана дзеліцца з сябрамі  ў сацыяльных сетках. 

Звычайна студзень малюе марозныя ўзоры на вокнах і ўражвае бялюткімі пейзажамі. Першы месяц 2020-га запомніцца анамальным плюсам. Маразы не прыйшлі нават на Вадохрышча. 

Спецыялісты падкрэсліваюць:  устойлівага пераходу да зімы  яшчэ не назіралася. Тэмпература трымаецца на ўзроўні вясенняй. Таму многія расліны і прачнуліся раней звычайнага. Прычым падобныя анамаліі назіраюцца па ўсёй краіне. 

Такому вясеннему надвор’ю здзіўляюцца нават на поўдні. У садах заквітнела сакура, прачнуліся бэз і айва. А ў небе кружаць жоравы і гусі: першых птушак заўважылі над Брэстам. Зрэшты, пакуль гэта з'ява не масавая. Па словах спецыялістаў, з зімоўкі вярнуліся толькі адзінкавыя чароды.

Якімі яшчэ фарбамі будзе ўпрыгожаны анамальна цёплы студзень, застаецца толькі здагадвацца. Па прагнозах сіноптыкаў, у найбліжэйшы час маразоў не чакаецца.