Першыя квіткі на XXVI Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар» у касах Віцебска можна набыць ужо з 17 лютага. А 20 лютага квіткі будуць даступныя праз Інтэрнэт па ўсім свеце. Сёлета форум пройдзе з 13 па 17 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваныя на 11, 12, 18 і 19 ліпеня.
На сцэне Летняга амфітэатра адбудзецца 17 канцэртаў, сярод якіх 2 начныя шоу. З сольнымі праграмамі ў фестывальны Віцебск прыедуць Рыгор Лепс, Стас Міхайлаў, Валерый Меладзэ, Ягор Крыд, а таксама гурты «Рукі ўгору» і «Сплін». Акрамя гэтага, святочныя мерапрыемствы запланаваны адразу на некалькіх фестывальных пляцоўках па ўсім горадзе.
Галоўнай падзеяй фестывалю па традыцыі стануць конкурсы. Адборачныя туры ўжо прайшлі ў Македоніі, Балгарыі, Румыніі, Літве. Наперадзе Ізраіль, Латвія, Расія, Украіна, Мальта. У дзіцячым музычным спаборніцтве ўпершыню будуць прадстаўлены Мексіка і ЗША. Усяго падчас «Славянскага базару» ў Віцебску адбудзецца каля 100 мерапрыемстваў.













