Першая партыя смецця на гродзенскім заводзе па сартаванні камунальных адыходаў будзе перапрацавана напрыканцы года

13 февраля 2016

Прадпрыемства дазволіць на 100% утылізаваць смецце з абласнога цэнтра і часткова з наваколля. Будуюць завод кітайскія спецыялісты. У задачу экспертаў уваходзіць таксама навучанне персаналу.

На якой стадыі будаўніцтва завода, даведалася Вольга Капковіч. Будаўніцтва прадпрыемства па механічным сартаванні адыходаў поўным ходам ідзе ля вёскі Рагачы, што за 17 кіламетраў ад Гродна. Тут жа знаходзіцца дзеючы палігон для смецця. Месца ўжо амаль не засталося: ён запоўнены на 90%. Таму будаўніцтва смеццесартавальнага завода эксперты называюць жыццёва неабходным.

Узвядзеннем пад ключ займаецца кітайская карпарацыя. Пасля здачы завод будзе перапрацоўваць да 120 000 тон адыходаў за год. Каб наладзіць яго працу, у Гродне ўсталявалі кантэйнеры для асобнага збору пластыку, шкла і макулатуры.

Сёння на пляцоўцы ідзе актыўная работа – ужо ўзведзеныя асноўныя карпусы завода. Хутка павінны прывезці абсталяванне. У цэлым на будаўніцтва Сусветны банк рэканструкцыі і развіцця выдаткаваў 42 мільёны долараў.

Дарэчы, з будаўніцтвам новага завода з'явіцца больш за дзвесце новых працоўных месцаў.

Падтрымае дзейнасць завода і праект "Зялёная карта Беларусі". Гэта інтэрактыўная пляцоўка, якая дапаможа адшукаць самае блізкае месца для здачы на перапрацоўку смецця і небяспечных адыходаў. Альбо знайсці новага гаспадара непатрэбным рэчам.