Першая электраэнергія ад Полацкай ГЭС

4 марта 2017

У тэставым рэжыме працуюць дзве з пяці гідратурбін. І запуск другой якраз паспяхова адбыўся на гэтым тыдні. Магутнасць Полацкай станцыі – 22 мегаваты. Яна здольная забяспечыць патрэбнасць у электрычнай энергіі чатырох раёнаў.

Вольга Маслоўская пра перспектывы зялёнай энергетыкі. Бетонная плаціна з шасці пралётаў і грэбенем на вышыні 111 метраў, пяць турбін-генератараў, вадасховішча ёмістасцю амаль 100 мільёнаў кубаметраў. Будаўніцтва адной з найбуйных у Беларусі гідраэлектрастанцый набліжаецца да завяршэння. На поўную сілу турбіны пачнуць працаваць у сярэдзіне вясны. Пакуль ідзе паэтапны запуск агрэгатаў і іх тэсціраванне. Два з пяці ўжо выпрацоўваюць электрычнасць.

Абслугоўваць станцыю будуць 18 спецыялістаў. Анатоль Жабёнак – адзін з тых, хто кантралюе работу абсталявання. Перш чым заступіць на 12-гадзіннае дзяжурства ў якасці начальніка змены, прайшоў стажыроўку ў Гродне.

Абсталяванне чэшскай фірмы, праект станцыі ўкраінскі, будавалі расіяне і беларусы. На будаўнічай пляцоўцы Полацкай ГЭС перапляліся інтарэсы адразу некалькіх краін.

Магутнасці Полацкай электрастанцыі на вадзе хопіць, каб задаволіць патрэбы ў электрычнай энергіі чатырох раёнаў. І ніякіх пабочных эфектаў у выглядзе выкідаў, што забруджваюць атмасферу.

Па цячэнні вышэй ад берага да берага размясцілася Віцебская ГЭС. Яна таксама ўжо працуе ў тэставым рэжыме.

Паміж Віцебскай і Полацкай станцыямі энергетыкі пабудуюць яшчэ адну – у раёне Бешанковіч. Зараз шукаюць інвестара. Такім чынам на Заходняй Дзвіне з’явіцца паўнавартасны каскад гідраэлектрастанцый. Спецыялісты гавораць, што толькі так можна атрымаць максімальную карысць з энергіі вады.

Дарэчы, ідэя будаўніцтва каскада ГЭС на галоўнай воднай артэрыі поўначы Беларусі нарадзілася яшчэ ў савецкія часы. Яго магутнасць складзе 95 мегават.

З будаўніцтвам плацін Заходняя Дзвіна не страціць сваё транспартнае значэнне. Наадварот узровень вады падымецца, а на кожным гідравузле прадугледжаны суднаходныя шлюзы. Так што зялёная энергетыка дасць зялёнае святло развіццю рачнога транспарту. 



Зараз чытаюць