Сумныя падзеі мінулага і значныя мясціны Мінска і вобласці

2 июля 2016

Напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці ў Беларусі прынята ўспамінаць і сумныя старонкі гісторыі. Вайна ахапіла кожны куток нашай маленькай краіны. За 4 гады Вялікай Айчыннай нямецкія захопнікі спалілі, разбурылі і разрабавалі 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў, больш за 9000 вёсак, амаль 200 з іх так і не паўсталі з попелу. На гэтых святых месцах асабліва ў летнія дні нашчадкі пераможцаў і ахвяраў вайны працягваюць увекавечваць іх памяць.

Наталля Кузьміцкая ўзгадала сумныя падзеі мінулага і наведала самыя значныя мясціны Мінска і вобласці.

Ведаеце, цяжка ўявіць, якія падзеі адбываліся на гэтым месцы 73 гады таму. 23 ліпеня 1943 года немцы загадалі вяскоўцам сабрацца ў царкве, што знаходзілася вось на гэтым месцы. І калі ў храм прыйшлі ўсе жыхары вёскі, карнікі падпалілі святыню. У вогненным палоне загінулі 146 мірных жыхароў - жанчыны, дзеці і старыя.

Маштабамі трагедыю ў вёсцы Доры можна параўнаць з хатынскай. У 1991 годзе на падмурку спаленай царквы быў усталяваны памятны знак і ўзведзены мемарыяльны комплекс "Загінуўшых чакаюць вечна". Побач з гэтым сімвалам смутку і болю сёння знаходзіцца сярэдняя школа - сад. Яе настаўніца Ганна Усава нават падчас летніх канікул працягвае знаёміць вучняў з трагічнымі падзеямі, што здарыліся на дорскай зямлі.

Вучні мясцовай школы даглядаюць мемарыял і захоўваюць яго гісторыю. У навучальнай установе стварылі невялікі музей і распрацавалі экскурсійную праграму.

Доры, Хатынь, Беразінец, Дубнікі, Амельна - гэта не проста пералік населеных пунктаў, а чорны спіс карнікаў. Полымя вайны ахапіла Мінскую вобласць за некалькі дзён. За чатыры гады ваеннага ліхалецця нямецка-фашысцкія захопнікі цалкам знішчылі больш за 150 вёсак. У вёсцы Дальва загінулі 44 мірныя жыхары. Пазбегнуць страшнага лёсу ўдалося толькі 14-гадоваму хлопчыку - Мікалаю Гірыловічу. Ужо дарослым ён стаў ініцыятарам стварэння мемарыяла на гэтым святым месцы. У знакавыя для гісторыі Беларусі дні тут праходзяць памятныя мітынгі.

Да Брамы памяці цэнтральнай кампазіцыі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" і сёння амаль штодзень нясуць кветкі. Тут, у адным з самых вялікіх лагераў смерці, былі знішчаныя 206 000 вязняў з Беларусі, Расіі, Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі. Першыя спробы даць гэтаму месцу асаблівы статус былі яшчэ ў савецкі час. Праз 70 гадоў з дня Вялікай Перамогі нарэшце быў створаны мемарыяльны комплекс, дакладней, толькі яго трэцяя частка.

Пасля завяршэння экспертызы праектаў пачнецца іх будаўніцтва. Цэнтральнымі элементамі новых кампазіцый таксама стануць пешаходны мост і арка да мемарыяла, помнік "Яма-печ" на месцы крэматорыя, плошча Несвабоды і электронная дошка з імёнамі ахвяраў лагера смерці, якія ўдалося высветліць. Каб памяталі.