Парламентарыі актыўна праводзяць сустрэчы з насельніцтвам у сваіх акругах

11 января 2020
Адрамантаваць дарогі, добраўпарадкаваць населеныя пункты і нават устанавіць банкамат у сельскім магазіне. Менавіта з такімі пытаннямі звяртаюцца выбаршчыкі да сваіх дэпутатаў. Зараз парламентарыі актыўна праводзяць сустрэчы з насельніцтвам у сваіх акругах. Народныя абраннікі выконваюць сваё галоўнае перадвыбарнае абяцанне - дапамагаць людзям у вырашэнні іх штодзённых праблем і даносіць усе праблемныя пытанні да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў. Юрый Карняловіч пра дэпутацкую  работу на месцах.

Дырэктар Рэплеўскай сярэдняй школы Тамара Жук з дэпутатам ад Ваўкавыскай акругі сустракаецца першы раз. Павел Паканечны ўжо ў новым статусе прыехаў у аграгарадок, каб разабрацца ў праблемных пытаннях і па магчымасці аказаць дапамогу сваім выбаршчыкам. Сельская навучальная ўстанова - адна з лепшых у раёне, аднак ёсць пэўныя цяжкасці ў добраўпарадкаванні тэрыторыі. Справіцца з якімі сваімі сіламі адміністрацыі школы складана, а вось парламентарый можа пасадзейнічаць іх вырашэнню.

Адразу пасля школы Павел Паканечны завітаў да пенсіянеркі Леакадзіі Бычак. Падчас перадвыбарнай кампаніі менавіта яна давала наказы будучаму дэпутату ад усіх мясцовых жыхароў. І ў першую чаргу - гэта рамонт мясцовых дарог. Літаральна за месяц справа зрушылася з месца. Распрацаваны адмысловы план добраўпарадкавання тэрыторый. А Рэпля ў гэтым годзе стане месцам правядзення раённых “Дажынак”.

Сустрэцца з дэпутатам і разам абмеркаваць развіццё свайго аграгарадка пажадалі дзясяткі мясцовых жыхароў. Таму прыйшлося нават арганізаваць імправізаваны сельскі сход у Доме культуры. Пажаданні были агучаны самыя розныя - ад рамонту дарог і ўстаноўкі банкамата, да падтрымкі аграсядзіб і развіцця турызму. Тым больш, што Ваўкавыскі раён у лістападзе мінулага года быў уключаны ў бязвізавую зону.

Размова з жыхарамі аграгарадка атрымалася плённай. На сходзе прыняли рашэнне зрабіць такія сустрэчы рэгулярнымі. 

Усе праблемныя пытанні, агучаныя на сустрэчы,  будуць даведзены да раённых і абласных уладаў. А іх вырашэнне будзе пад асаблівым кантролем дэпутата.

У найбліжэйшы месяц Павел Паканечны плануе сустракацца са сваімі выбаршчыкамі. Прызнаецца, толькі такі прамы дыялог з мясцовымі жыхарамі дазваляе даведацца, чым жывуць людзі і якая дапамога ім патрэбна.

Што ж тычыцца аграгарадка Рэпля, то тут свайго дэпутата чакаюць вясной, калі пачнуцца актыўныя работы па добраупарадкаванні населенага пункта. Менавіта тады стане зразумела, ці ўдалося рэалізаваць усе просьбы, атрыманыя ад мясцовых жыхароў. 

--------