Возера стала бясплатным

5 Лістапада 2016

У Столінскім раёне жыхары рабочага пасёлка Рэчыцы некалькі гадоў заставаліся без возера. За рыбалку і нават за адпачынак ля вадаёма ім даводзілася плаціць арандатару. Па дапамогу вяскоўцы звярнуліся ў пракуратуру. Падрабязнасці ў рэпартажы Ірыны Нікіцінай.

Вадасховішча Марочна за некалькі кіламетраў ад вёскі Нячатава. Чыстая, амаль празрыстая вада і пясчаны бераг заўсёды вабілі ахвотнікаў адпачыць на прыродзе. Тым больш што і сельвыканкам паклапаціўся, каб адпачынак быў камфортны.

Усё было б добра, калі б не шлагбаум. Ён з’явіўся тут пасля таго, як у 2013 годзе таварыства з абмежаванай адказнасцю “Потапъ” заключыла дамову са Столінскім райвыканкамам на арэнду рыбалоўных угоддзяў. За праезд у зону адпачынку арандатары пачалі патрабаваць грошы. Паводле прэйскуранта, адпачынак у альтанцы ацэньваўся на 10-30 рублёў, а доступ на пляж - на 5. Пры гэтым, згодна з дамовай, права збіраць плату яны мелі толькі за пуцёўкі на аматарскае рыбалоўства.

Мясцовых жыхароў новыя парадкі не задаволілі. Бясплатная частка пляжа – невялікая, і ўсе ахвотнікі адпачыць тут проста не змяшчаліся. Што тычыцца рыбалкі, гавораць мясцовыя жыхары, то арандатар нават не паклапаціўся пра тое, каб запусціць у вадаём рыбу.

У пошуках справядлівасці вяскоўцы звярнуліся ў пракуратуру. Тады і высветлілася, што арандатар працаваў з парушэннямі.

Такім чынам, возера стала бясплатным. А мясцовыя жыхары зноў вярнуліся да свайго любімага хобі.