Адкрытае акцыянернае таварыства КІМ ліквідуюць

14 ноября 2015

Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці Беларусі — адкрытае акцыянернае таварыства КІМ - ліквідуюць. Эканамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў фабрыку банкрутам. Даўгоў больш за 300 мільярдаў рублёў і аднавіць плацежаздольнасць фабрыка не зможа, час на абнаўленне страчаны. Трымаць прадпрыемства на датацыях і яшчэ больш паглыбляць праблему эканамічна нявыгадна. Чым жа завершыцца кімаўская эпапея і хто будзе займацца працаўладкаваннем супрацоўнікаў, высветліла наш віцебскі карэспандэнт Вольга Шмаргун.

Трыкатаж пад брэндам КІМ калісьці быў мегапапулярным. Яго ахвотна куплялі і ў Беларусі, і за мяжой. А цяпер не ўбачыш нават на прылаўках віцебскіх магазінаў. Фабрыка больш не працуе. На прахадной пуста. У цэхах ціха.

Гэта сёння цэхі апячатаныя, а швачкі дашываюць апошнія мадэлі з рэшткаў тканіны. Былі ў КІМа і лепшыя часы. Швачка Наталля Пазёмава памятае самы росквіт прадпрыемства. У гэтай эксперыментальнай майстэрні прайшлі 36 гадоў яе працоўнага жыцця.

Эканамічны суд Віцебскай вобласці ўпершыню вядзе справу аб ліквідацыі такога буйнога прамысловага прадпрыемства. На стале ў суддзі ўсе 9 тамоў кімаўскай эпапеі. Рашэнне аб прызнанні фабрыкі банкрутам спачатку прыняў сход крэдытораў, а на падставе гэтага і суд. Аналіз фінансавага стану паказаў, што фабрыка не зможа аднавіць сваю плацежаздольнасць.

На балансе прадпрыемства адміністрацыйны корпус, склады, цэхі, дзіцячы аздараўленчы лагер. Усё гэта антыкрызіснаму кіраўніку трэба прадаць з аўкцыёна. Першым на таргі выставілі фірменны магазін у самым цэнтры Віцебска. Атрыманыя грошы пойдуць на пагашэнне зарплатных даўгоў.

Працаўладкаваннем супрацоўнікаў ААТ займаецца цэнтр занчтасці. Сёння на біржы зарэгістраваныя амаль 40 чалавек. Да кожнага падыходзяць індывідуальна. Амаль 30 былых кімаўцаў ужо атрымалі працоўнае месца на іншых прадпрыемствах рэгіёна.

Поўная ліквідацыя КІМа па рашэнні суда павінна быць завершаная праз год. За гэты час з малатка пойдзе нават бронзавая скульптура Леніна аўтарскай работы, якая была маўклівым сведкам і росквіту, і заняпаду прадпрыемства.

Усе экспанаты музея прадпрыемства ў хуткім часе папоўняць фонды абласнога краязнаўчага. Фабрыка, якой амаль 90 гадоў, стане гісторыяй. А сёння на змену былым гігантам прыходзяць новыя з сучаснымі тэхналогіямі. Толькі ў Віцебскай вобласці за гэты год створана звыш сотні прадпрыемстваў. Прадукцыю беларускіх вытворцаў купляюць у 77 краінах свету. Найперш, лён, які стаў брэндам не толькі Віцебскага рэгіёна, але і ўсёй краіны.