Адкрыццё сезона на Аўгустоўскім канале

28 мая 2016

Бязвізавы рэжым для турыстаў на Аўгустоўскім канале плануецца ўвесці да канца года. Мяркуецца, што дзякуючы такой свабоднай зоне аб’ект будуць наведваць некалькі соцень тысяч турыстаў за год. Дарэчы, леташні паказчык раўняецца 70 тысячам – своеасаблівы рэкорд для запаведнай мясціны.

Завабіць турыстаў плануюць не толькі чыстай прыродай і ўнікальным інжынерным збудаваннем – сеткай каналаў, але і насычаным календаром мерапрыемстваў. Некаторыя з запланаваных на гэты сезон прайшлі абкатку яшчэ мінулым летам. Гэта і чэмпіянат па балотным футболе, свята “Плывем на чым папала”, міжнародныя спаборніцтвы на байдарках “Аўгустоўскі паўмарафон”. Сёлета плануецца паўтарыць самыя ўдалыя праекты і рэалізаваць новыя ідэі. Адкрыццё гарачага ва ўсіх сэнсах турыстычнага сезона на тэрыторыі Аўгустоўскага канала распачалося са свята народнай творчасці і прэзентацыі новай установы – Музея гісторыі Аўгустоўскага канала.

Размясціўся музей на беразе воднага шляху, у хацінцы дазорнага шлюза “Дамброўка”. Каб сабраць экспанаты, супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея правялі сапраўдную экспедыцыю. Яна дазволіла аднавіць быт дазорнага, высветліць, якім быў яго пакой стагоддзі таму. Былі падабраныя дакументы, фотаздымкі на тэму будаўніцтва і эксплуатацыі воднага шляху, адноўлена старажытная мэбля. Паралельна выконваўся макет шлюза, які дазволіць наведвальнікам зразумець сутнасць шлюзавання.