Астанкі 15 чырвонаармейцаў знайшлі каля вёскі Благавічы Чавускага раёна

28 мая 2016

Пасля абароны Магілёва ў ліпені 1941 года з акружэння прабіваліся дробнымі групамі на ўсход 9 000 чалавек з 61-га стралковага корпуса і 20-га механізаванага. Частка з іх і загінула на полі боя каля вёскі Благавічы. Старшыня клуба “Віккру” Мікалай Барысенка летась адшукаў у цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расіі схему гэтага месца боя, якую склаў адзін з ветэранаў. Дапамаглі і вяскоўцы: увосень пасля правядзення сельгасработ адзін з мясцовых жыхароў натрапіў на каску чырвонаармейца. Каб атрымаць дазвол на раскопкі, спатрэбілася амаль паўгода.

За тры дні ў чатырох месцах на кукурузным полі актывісты клуба "Віккру" і адказныя з 52-га спецыялізаванага батальёна дасталі астанкі 15 чырвонаармейцаў. Сярод іх быў камандзір, пра што сведчылі знойдзеныя аловак, партупея і рэмень. На жаль, медальёна не знайшлі. Раскопкі працягваюцца! Усе астанкі воінаў будуць перазахаваныя на брацкіх могілках.