Арганістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая ўдастоена звання заслужанай артысткі Беларусі

16 марта 2019

Яе імя стала брэндам Полацка. Арганістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая ўдастоена звання заслужанай артысткі Беларусі. Больш за трыццаць гадоў таму выпускніца Маскоўскай кансерваторыі прыехала ў старажытны горад і стала часткай яго культурнага жыцця. Менавіта ёй належыць ідэя правядзення ў Полацку фестывалю арганнай музыкі - летась адбыўся 23-ці, а на нядзельныя канцэрты арганісткі Сафійскага сабора прыязджаюць з розных куткоў Беларусі.

Вольга Маслоўская сустрэлася з заслужанай артысткай Беларусі Ксеніяй Пагарэлай. Велічны гук полацкага                                                                                                                                                                                                                      аргана. Цяжка ўявіць, што за мануалам - менавіта так называюць клавіятуру гэтага музычнага інструмента - жанчына. Яшчэ ў студэнцтве Ксенія Пагарэлая захапілася арганнай музыкай - творы Баха, запісаныя на грампласцінках, гучалі для яе магутна і зразумела. Таму ў Маскоўскай кансерваторыі яна абрала клас аргана.

У горад на Дзвіне прыехала па запрашэнні. Сказалі: у Полацку ёсць арган, якому патрэбны клапатлівы гаспадар. Першая сустрэча музыканта і інструмента адбылася больш за трыццаць гадоў таму. Артыстку паланілі яго гучанне і прыгажосць канцэртнай залы. З тых часоў кожную нядзелю - у Сафіі канцэрт арганнай музыкі.

Інструмент знаходзіцца бліжэй да скляпенняў сабора, а таму кожная рэпетыцыя ці канцэрт пачынаюцца з пераадолення вось такой крутой лесвіцы. Полацкі арган будавалі спецыяльна для гэтай залы. Элементы габарытнага музычнага інструмента займаюць трохпавярховую канструкцыю. Унікальная акустыка і ўдзячны слухач. Калі Ксенія Пагарэлая задумвала ў Полацку фестываль арганнай музыкі, яна ведала - праект будзе паспяховым. За 23 гады - столькі ўжо існуе гэтая культурная з’ява - у канцэртнай зале полацкай Сафіі выступілі музыканты з 25-ці краін свету.

У саборы рады і самым маленькім наведвальнікам - тут праходзяць музейна-педагагічныя заняткі, падчас якіх школьнікі знаёмяцца з каралём інструментаў. Дарэчы, Ксенія Пагарэлая - таленавіты педагог. Выкладаць пачала ў 16-гадовым узросце і па гэты дзень не пакідае гэту годную і ўдзячную працу.

Палачане адзначаюць: імя Ксеніі Пагарэлай стала брэндам старажытнага горада. Сама артыстка ўдзячная лёсу за тое, што звязала жыццё з Полацкам: ён стаў не проста любімым горадам, а месцам, дзе здзяйсняюцца мары.