Алег і Ірына Сідар - фіналісты рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”

21 октября 2017

Дранікі і харэаграфія як сямейныя традыцыі. Алег і Ірына Сідар з аграгарадка Лунна - фіналісты рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. Маштабнае мерапрыемства аб’ядноўвае 7 сем’яў з усіх рэгіёнаў краіны і горада Мінска. Журы, акрамя мастацкіх нумароў, ацэньваць будзе і сацыяльныя праекты.

У малодшай дачкі сям’і з Мастоўскага раёна ідэя ператварыць сцены сваёй кватэры ў сямейную фотагалерэю.

Рэпартаж Дзмітрыя Смірнова.

Алег - галава сям’і Сідар з Мастоўскага раёна - працуе механізатарам у гаспадарцы. Яго рабочы расклад не падобны на звычайны графік гарадскіх менеджараў ці офісных супрацоўнікаў. Пад’ём яшчэ да ўзыходу сонца, а дзверы ў кватэру, бывае, адчыняе позна пад вечар. І тым не менш Алег прызнаецца, што лічыць сябе шчаслівым чалавекам. І сапраўды з такімі аргументамі цяжка спрачацца. Яго шчасце складаецца з трох частак - кожная з жаночым імем.

Апошнія некалькі тыдняў да будных спраў Ірыны і Алега дадаліся яшчэ рэпетыцыі, харэаграфія і напісанне сцэнарыяў. Сям’я Сідар увайшла ў лік фіналістаў рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. Пра ўсё гэта Ірына расказвае нам, гатуючы разам з дачкамі вячэру і рыхтуючыся да наступнага прагону нумара на сцэне.

Дарэчы, нам удалося падгледзець невялікую частку выступлення.

Між тым, нягледзячы на шчыльны графік, у гэтай сям’і вось ўжо многія гады існуе непахісная традыцыя. Тут амаль ўсё робяць разам: спяваюць, працуюць на агародзе і гатуюць сняданак і абед. А вячэра традыцыйна збірае ўсіх за адным сталом.

А эмоцый апошнім часам тут шмат - і новы гадаванец Нуфік, пяшчоты і прысмакаў якому дастаецца ад кожнага члена сям’і, а зараз яшчэ і мегафінал конкурсу. Малодшыя паміж рэпетыцыямі і хатнімі справамі толькі і абмяркоўваюць хуткую паездку ў сталіцу. Ужо рыхтуюць месца для фотаздымкаў. Жартуюць, што будзе дынастычная фотагалерэя.

Чакаць засталося нядоўга - фінал рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” пройдзе праз 6 дзён. Імёны пераможцаў назавуць 27 кастрычніка на сцэне Беларускага тэатра юнага гледача.