Каля 3 мільёнаў тон збожжа сабрана ў Беларусі

30 июля 2016

Ураджайнасць сёлета вышэй, чым летась - больш за 34 цэнтнеры з гектара. Надвор'е спрыяе актыўнаму тэмпу уборачнай. Задзейнічаны ўвесь аўтапарк спецтэхнікі. А гэта больш за 10 тысяч камбайнаў.

Амаль палова ад вагі агульнага караваю – на рахунку Гомельскай вобласці. Сёлета тут першымі пачалі ўборачную, вытрымалі высокі тэмп і зараз асобныя гаспадаркі - ужо на фінішы жніва.

Якія прагнозы на ураджай, ведае Ганна Кавалёва. "Больш як 40 тысяч тон збожжа новага ўраджаю збіраюць на палях Гомельскай вобласці штодзень. Безумоўны лідар жніва як па тэмпах работ, так і па намалоце – Рэчыцкі раён. Тут уборачная кампанія амаль завершана".

Назва агракамбіната "Холмеч" у гэтым годзе гучыць па ўсёй краіне. Менавіта яго брыгада камбайнераў - Віктар Кардаш і Алег Хвост сталі першымі ў Беларусі тысячнікамі. А вадзіцель Іван Вырвіч усяго праз тыдзень пасля рэкорда ў тысячу тон перавезенага збожжа, адзначае ужо трэцюю тысячу. За рулём камбайна ён 20 гадоў. Толькі за час сёлетняй уборачнай праехаў амаль паўтысячы кіламетраў.

Усяго ў мясцовай гаспадарцы 10 камбайнаў. Амаль усе - беларускія. На іх у мінулым годзе камбайнеры таксама даехалі да п’едэстала. Праўда, тады - абласнога ўзроўню. У рэгіёне лідзіруючыя пазіцыі "Холмеч" займае штогод. Сёлета сярэдняя ўраджайнасць на палях агракамбіната складае больш як 50 цэнтнераў з гектара. Сакрэт поспеху, тут кажуць, у строгім выкананні тэхналогій.

Паспець сабраць збожжа з палёў дапамагаюць і маладзёжныя экіпажы камбайнераў, якія працуюць пад эгідай БРСМ. Дарэчы, першыя тысячнікі сярод іх вызначыліся таксама ў Рэчыцкім раёне. Падзяку і падарункі атрымалі Аляксандр Кашыцкі, Дзмітрый Вараб'ёў, Дзяніс Сцельмашок і Канстанцін Саснок. Сярод лідараў і малады вадзіцель Аляксандр Сыс, які перавёз звыш тысячы тон. Адзначылі працу Ірыны Склімянок і Наталлі Бракарэнкі - дзяўчаты, якія ўваходзяць у склад экіпажаў КСУП “Абарона краіны".

Працы аграрыяў на ўборцы збожжавых сёлета як ніколі спрыяе надвор'е. Дзякуючы яму, дастаткова скасіць, абмалаціць і выгрузіць, зэканоміўшы і час, і рэсурсы на сушцы збожжа. Гэта паказчык яшчэ і высокай якасці ўраджаю.

Уборочную кампанію ў Гомельскай вобласці плануецца завяршыць да 10 жніўня. Асобныя гаспадаркі да фінішу прыйдуць праз тры дні. І ўжо зараз, зыходзячы з паказчыкаў намалоту, спецыялісты ўпэўнены, што праблем з выкананнем паставак збожжа ў лік дзяржзаказу сёлета ў рэгіёне не будзе.