Абутак з лыка і паясы па старажытнай тэхналогіі

11 ноября 2017

У Драгічынскім раёне народныя майстры вяртаюць у моду абавязковыя элементы гардэробу нашых продкаў. Так, у старадаўні час на вуліцу нельга было выйсці без пояса. Па гэтым аксесуары можна было даведацца пра дастатак чалавека, статус і сямейнае становішча. Што тычыцца абутку, то ў хаду былі лапці. Іх вяскоўцам хапала на 2-3 дні. Таму, каб наплесці абутку на год, прыходзілася папрацаваць.

Майстар-клас па вырабе лапцей і пляценні паясоў узяла Вікторыя Патоня. У гэтай сям’і працаваць прывыклі з песняй. Таму і лапці плятуцца пад уласны акампанемент. Да папулярнасці знакамітых землякоў Зоі і Валеры тут не імкнуцца. Але спяваюць ад душы і сапраўдную аўтэнтыку. У звычайнай вясковай хаце сёння гэта ўжо экзотыка.

Як правільна плесці лапці, Фёдар Булыга ведае з дзяцінства. Узгадвае: яшчэ малым даводзілася пасвіць кароў. Босымі нагамі па шышках бегаць балюча, а ў лапцях зусім іншая справа. Навучыў старажытнаму рамяству Фёдара бацька. Сёння ж лапці ў драгічынскага майстра заказваюць артысты-фалькларысты альбо аматары даўніны. Лыка дядзька Фёдар нарыхтоўвае вясной. Перад пляценнем абавязкова вымочвае матэрыял. Такі экалагічны абутак хутка выходзіць са строю, таму нарыхтаваць вярчкоў неабходна было многа.

Сапраўдная скарбніца народнай творчасці і гэта майстэрня ў Антопалі. 10 гадоў таму тут адрадзілі страчаную тэхналогію ткацтва паясоў. Галіна Сцепанюк узначаліла экспедыцыю і разам з мясцовымі школьнікамі адправілася па вёсках. Так “Нітка да ніткі” і атрымаўся драгічынскі пояс.

Сёння ў калекцыі адроджаных узораў пояс брата, немаўляці, багатага бабыля. Для дзяцей ткалі яркія спавівачы, для маладых дзяўчат – абавязкова з чырвонай ніткай.

У нашых продкаў існавала мноства варыянтаў узораў паясоў. Яны выконвалі функцыю абярэга. А таксама па гэтым атрыбуце адзення можна было вызначыць статус чалавека. Напрыклад, з лёгкасцю адрозніць замужнюю жанчыну ад незамужняй. А для мужчын выйсці на вуліцу непадпяразаным наогул лічылася непрыстойным.

Мясцовыя старажытныя арнаменты тут перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Галіна Сцепанюк вядзе гурток і знаёміць дзяцей з сакрэтамі бабулінага куфра. Новы рэбус, які майстар зараз імкнецца разгадаць, вось гэтыя карціны на тканіне, знойдзеныя ў старажылаў вёсак. Можа, гэта яшчэ адна страчаная тэхналогія рамяства, якую тут паспрабуюць ўзнавіць?