Пра цікавыя падзеі заходняга рэгіёна

28 сентября 2019

У Гродне прапанавалі экзатычны вінаград, які вырошчваецца ў беларускіх шыротах. Спецыялісты рэгіёна актыўна вядуць падрыхтоўку да перапісу насельніцтва. Праваахоўцы і ветэрынары ўзмацняюць кантроль за хатнімі жывёламі абласнога цэнтра. Пра гэтыя і іншыя цікавыя падзеі заходняга рэгіёна – далей у дайджэсце.

Расказвае Юрый Карняловіч: Экзатычны вінаград у беларускіх шыротах. У Гродне энтузіясты з розных рэгіёнаў краіны дзяліліся сваімі дасягненнямі ў вырошчванні цеплалюбівай культуры. Так, упершыню былі прадстаўлены сарты, якія зусім нядаўна прывезены ў Беларусь. Напрыклад, актынідзія, гэта найбліжэйшы сваяк ківі, або мала вядомы кізіл. Падчас мерапрыемства наведвальнікі змаглі прадэгуставаць ягаду і атрымаць каштоўную інфармацыю аб асаблівасцях догляду лазы.

У Гродне актыўна вядзецца навучанне ўдзельнікаў перапісу насельніцтва, які пройдзе ў Беларусі з 4 па 30 кастрычніка. Як працаваць з праграмным забеспячэннем, праводзіць інтэрнэт-анкетаванне і камунікаваць з рэспандэнтамі - пра гэтыя і іншыя моманты, што датычацца маштабнай рэспубліканскай кампаніі, расказваюць на адмысловых курсах. Напрыклад, упершыню ў рамках перапісу выкарыстаюць планшэты.

Кантроль за выкананнем правілаў утрымання і выгулу хатніх жывёл узмоцнены ў абласным цэнтры. На працягу месяца пройдуць рэйды з удзелам супрацоўнікаў міліцыі, ветэрынарнай службы і спецыялістаў ЖКГ. Асаблівая увага будзе надавацца рэгістрацыі і вакцынацыі гадаванцаў. Крокам насустрач гараджанам стануць прышчэпкі сабак і катоў супраць шаленства адразу на месцы.

Салодкія феі і пейзажы на перніках. У Гродне адбыўся Рэспубліканскі конкурс кандытараў. Прафесійныя іспыты вытрымалі 11 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны. У гэтым годзе спаборніцтвы прайшлі за два этапы. Першы – выкананне арт-аб’екта. Кожная дэталь ядомая: карамель шакалад, крэм, або глазура. Другі – размалёўка сувенірнага перніка на тэму малой радзімы.

Пераможцы конкурсу прадставяць Беларусь на Міжнародных спаборніцтвах кандытараў, якія пройдуць у 2020 годзе ў нямецкім горадзе Штутгарт.