Пра падзеі з жыцця Віцебскага рэгіёна ў нашым дайджэсце

10 ноября 2018

Вёска будучага. Аграгарадок Мазалава становіцца зручным і ўтульным для жыцця. Днямі тут адкрыліся агракомплекс, які ўключае завод па вытворчасці камбікармоў, навукова-практычны цэнтр па вырошчванні племянной жывёлы, цэнтр абслугоўвання і рамонту тэхнікі і гандлёвы цэнтр з кафэ. А для жыхароў маладога мікрараёна Білева ў Віцебску лепшым падарункам да 7 Лістапада стала адкрыццё новага дзіцячага садка пад назвай "Васілёк". Ён разлічаны на 200 месцаў і абсталяваны басейнам і трэнажорнай залай. Пра гэтыя і іншыя падзеі з жыцця Віцебскага рэгіёна - у нашым дайджэсце.

Расказвае Вольга Маслоўская: Вёска будучага. Аграгарадок Мазалава, што пад Віцебскам, не саступае гораду па зручнасці і камфорце жыцця. Днямі інфраструктуру вёскі папоўніў гандлёвы цэнтр з кафэ. Зараз будуецца 12-кватэрны дом для работнікаў мясцовай гаспадаркі “Мазалавагаз”. Развіваць сацыяльную сферу дазваляе моцная вытворчасць. Сёлета запусцілі зернесушыльны комплекс, пачаў працаваць цэнтр па кантролі якасці прадукцыі земляробства, рэканструявалі цэнтр агранамічнага кантролю і ўліку. Гэтыя аб’екты аб’яднаны ў адзіны агракомплекс. Гаспадарскі падыход да зямлі дае аддачу: “Мазалавагаз” – лідар сярод сельгасвытворцаў Віцебскай вобласці.

Як вынік - з Мазалава не з’язджаюць жыхары. Наадварот, сюды прыязджаюць з Віцебска. Так, у мінулым годзе аграгарадок прырос на 20 чалавек, якія прыехалі сюды жыць і працаваць з горада.

У Віцебску ў маладым мікрараёне Білева расквітнеў «Васілёк» - такую назву атрымалі новенькія сучасныя яслі-сад № 113. Для вялікага маладога раёна, дзе жывуць сем'і з дзецьмі, дашкольная ўстанова - лепшы і без перабольшання чаканы падарунак да 7 Лістапада. Новы дзіцячы садок — цэлы комплекс на 200 месцаў, абсталяваны ўсім самым сучасным для выхавання.

З дзецьмі працуюць 30 педагогаў. Дарэчы, дарослым «Васілёк» даў 70 новых працоўных месцаў. У наступным навучальным годзе плануюць адкрыць групу для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Віцебскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе «Студэнт года - 2018» прадставіць Марыя Саўчанка. Студэнтка 3 курса Полацкага дзяржуніверсітэта стала лепшай на абласным этапе. Канкурэнцыю ёй склалі прадстаўнікі ветакадэміі, медуніверсітэта, МІТСО, Віцебскага тэхналагічнага і дзяржуніверсітэта. За перамогу змагаліся ў некалькіх конкурсах. Напярэдадні яны прайшлі праз адбор у сваіх ВНУ. Крытэрыі жорсткія: высокі сярэдні бал, навуковыя дасягненні і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. На абласным этапе давялося прэзентаваць сябе і сваю будучую прафесію. Абмежаванняў не было. Таму ў ход ішла мова матэматычных формул і танцаў, гульня святла і ценяў і нават аўтарскі рэп.

Творчыя здольнасці, актыўная жыццёвая пазіцыя і вялікая група падтрымкі дапамаглі трэцякурсніцы Полацкага дзяржуніверсітэта стаць пераможніцай абласнога этапа. Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі Марыя Саўчанка пакарыла журы з самага першага тура. У канцы лістапада Марыя прадставіць Віцебскую вобласць у фінале рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года - 2018».