Новы праект будаўніцтва дзіцячай абласной бальніцы зацверджаны ў Гомелі

26 марта 2016

У Гомельскай вобласці маюць намер вывесці на больш якасны ўзровень медыцынскае абслугоўванне дзяцей. Зацверджаны праект рэканструкцыі і будаўніцтва абласной дзіцячай бальніцы. Праз два гады ў Гомелі адкрыецца сучасны медыцынскі комплекс, дзе будуць аказваць усе паслугі. З падрабязнасцямі Наталля Ігнаценка.

7-гадовай Вікторыі дыягназ “рэўматоідны артрыт” паставілі 4 гады таму. Увесь гэты час дзяўчынка знаходзіцца пад пільным наглядам ўрачоў. У абласной дзіцячай клінічнай бальніцы лечыцца штогод. Як гаворыць маці дзяўчынкі, блуканне па пакутах пачынаецца тады, калі з хворым дзіцем трэба трапіць да ўрача на іншым канцы горада.

Штогод у абласной клінічнай бальніцы прымаюць амаль 17 тысяч дзяцей. Нагрузка на спецыялістаў расце. Дапамагаюць урачы вузкага профілю, якія прымаюць у іншых лячэбных установах.

Першапачаткова ў рэгіёне меркавалі пабудаваць з нуля шматпрофільны лячэбна-кансультацыйны цэнтр на ўскраіне Гомеля, у так званым медгарадку. Аднак пры дэталёвым вывучэнні усіх аспектаў рэалізацыі праекта ад гэтай ідэі адмовіліся. І прынялі больш рацыянальнае рашэнне - рэканструяваць дзеючы корпус бальніцы ў цэнтры горада і ўзвесці новы 7-павярховы будынак пад хірургічнае аддзяленне. Да канца красавіка тут плануюць падрыхтаваць пляцоўку пад новабудоўлю.

Праз два гады комплекс будзе займаць плошчу 2 з паловай гектары. У яго распараджэнне пяройдуць два суседнія будынкі. Пакуль у іх размяшчаюцца будаўнічая арганізацыя і адно з падраздзяленняў Белтэлекама. Аднак сувязісты і будаўнікі ў крыўдзе не застануцца. Ім прапануюць пераехаць на іншыя плошчы. А жыхары шматпавярховак застануцца у сваіх кватэрах.

Як мяркуецца, у адным месцы будуць сканцэнтраваны службы, якія зараз размяшчаюцца у розных раёнах горада. Да таго ж на дзеючых плошчах пасля рэканструкцыі адкрыюць новыя аддзяленні.

Падчас правядзення работ дзіцячая бальніца прадоўжыць прымаць пацыентаў. Рэканструкцыю абяцаюць арганізаваць такім чынам, каб дзяцей не прыйшлося адпраўляць у іншыя бальніцы.