Новыя высокія тэхналогіі для злаўлення злачынцаў з'явіліся ў Брэсце

13 июля 2019

Судовыя эксперты пачалі працаваць з тэхнікай, якая дапамагае пазнаваць ДНК па валасах. Марыя Тройніч раскажа, якія яшчэ распрацоўкі генетыкаў дапамагаюць устанавіць праўду.

Гэты нож - прылада злачынства. Сляды крыві на ім паспрабавалі сцерці, але эксперты бачаць тое, што звычайна схавана ад вачэй. Таемнае становіцца відавочным пад спецыяльным святлом. Самыя складаныя экспертызы - генетычныя. Але і ў такіх даследаваннях становіцца ўсё менш белых плям. Цяпер у Брэсце могуць высветліць ДНК не толькі па крыві ці сліне, але і па драбнюткіх часцінках верхніх слаёў скуры і валасах.

Вынікі аналізу гатовыя ўсяго праз 17 хвілін. Такая аператыўнасць асабліва важная, калі на рахунку кожная хвіліна ў злаўленні злачынца.

У лабараторыі эксперта стэрыльна, як у аперацыйнай. Уваход толькі ў масках і аднаразовым адзенні. Бо, каб пакінуць сваю ДНК, не абавязкова нават дакранацца да прадметаў. Дастаткова адной толькі прысутнасці. Пасля кожнай экспертызы кабінет апрацоўваюць спецыяльным растворам

Толькі сёлета ў Брэсце правялі 800 генетычных экспертыз. У асноўным гэта крыміналістычныя даследаванні. Новыя тэхналогіі дапамагаюць раскрыць і старыя справы. Так, у горадзе знайшлі вінаватага праз 12 гадоў пасля забойства.

Хутка ў беларускіх спецыялістаў з'явіцца яшчэ больш магчымасцяў. Сталічныя эксперты пачалі асвойваць новую тэхналогію секвеніравання. У аналізе ДНК можна будзе высветліць пол, нацыянальнасць і нават колер вачэй і валасоў падазронага. Што вельмі палегчыць працу аператыўнікам.