Новыя рынкі ААТ "Белшына"

11 ноября 2017

Кувейт, Камерун і Аман "пераабуюцца" ў беларускія шыны. Пробную партыю ААТ "Белшына" паставіла на новыя рынкі. Усяго наш вытворца аўтамабільнага “абутку” мае партнёраў у 70-ці краінах свету. Андрэй Ястрабаў упэўнены: пакупнікі знойдуцца і на самую вялікую шыну - амаль 6 тон вагой і больш за 4 метры ў вышыню.

Каб зрабіць аўтамабільную шыну, тэхнолагам патрэбны некалькі дзясяткаў складаных рэцэптур. Спецыяльна для “Краіны” спецыялісты раскрываюць сакрэты вытворчасці. Так, у аснове “абутку” аўтамабіля - натуральны каўчук. У Інданезіі яго атрымліваюць з соку млечнай расліны гевеі. Вэнджаны на арэхавым пілаванні ён пастаўляецца ў Бабруйск.

Сёлета ў рэцэпт дадалі яшчэ і дыяксід крэмнію. Ён паляпшае счапленне шын з мокрай дарогай. Рэалізоўваць самыя амбіцыйныя планы дазваляе мадэрнізаваная вытворчасць. У абнаўленне завода масавых шын, напрыклад, інвеставалі 100 мільёнаў долараў. Эканамічны эфект значна большы.

У лістападзе для “БелДжы” адгрузяць звыш тысячы новых 18-цалёвых шын. Тэсты паказалі: па інтэнсіўнасці разгону і эфектыўнасці тармажэння яны лепшыя за імпартныя аналагі. У наступным сезоне навінка з’явіцца і ў продажы, каб забяспечыць унутраны рынак.

Па выніках года выпуск легкавых шын у Беларусі складзе звыш трох мільёнаў адзінак. І лічба, абяцаюць на заводзе, будзе толькі павялічвацца.

Сама вытворчасць - гэта больш за 20 кіламетраў транспартных ліній, міксераў, канвеераў. З пачатку заліўкі, напрыклад, каўчуку да атрымання канчатковага прадукту - шыны - павінна прайсці не менш за двое сутак.

Не менш складаны працэс асвоілі і на заводзе звышбуйнагабарытных шын. Тут наладзілі выпуск 6-тоннікаў памерам больш за 4 метры ў вышыню. Такога “абутку” для кар’ерных самазвалаў дагэтуль у Беларусі яшчэ не рабілі.

Наперадзе кар’ерныя выпрабаванні і пошук пакупнікоў. З улікам попыту ў свеце гэта будзе нескладана, упэўнены на заводзе. Тым больш што якасць беларускіх шын ужо вядома далёка за межамі. Вытворца мае партнёраў у 70-ці краінах. Пачалі “пераабувацца” ў беларускія шыны сёлета яшчэ і ў Кувейце, Камеруне і Амане. Адноўлены пастаўкі і ў Францыю.