Навіны рэгіёнаў. Дайджэст

9 апреля 2016

Аматараў касплею сабраў Гомель, у Мінску набываюць папулярнасць майстар-класы па ручным пераплёце кніг, а ў Мядзелі вучаць правільна збіраць дзікарослыя травы. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

Прымераць на сябе вобраз любімага персанажа, акунуцца ў свет японскіх мультфільмаў у Гомелі змаглі больш як 300 аматараў касплею з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны. Касплей гэта касцюміраваная гульня, якая ўзнікла ў Японіі сярод фанатаў анімэ і мангі. Па сутнасці, гэта пераапрананне ў касцюмы вядомых персанажаў і выраб такіх касцюмаў. Як правіла, сваімі рукамі. Галоўная ўмова - вобраз трэба прэзентаваць. Наколькі ўдзельнікам удалося ўвасобіць вобразы - ацэньвала журы. У выніку ў розных намінацыях было адзначана 70 лепшых прац.

Стварыць аўтарскую вокладку, даць школьнаму падручніку другое жыццё і даведацца аб сакрэтах друкарскай справы. Майстар-класы па ручным пераплёце кніг набываюць папулярнасць у Мінску. Падчас заняткаў спецыялісты паліграфічнай справы аднаўляюць традыцыі афармлення кніг, напрыклад, 19 стагоддзя, калі вокладку пакрывалі мармуровай паперай і скурай. Такія сустрэчы праходзяць у сучасных кнігарнях, дзе дазваляюць чытаць за кубкам гарбаты ці кавы, а таксама абменьвацца літаратурнымі творамі.

"Фітатэрапія 21 стагоддзя" - буйны вытворча-навучальны цэнтр створаць у Мядзельскім раёне. Ініцыятыва – частка праекта па пераходзе Беларусі да "зялёнай "эканомікі". На базе ўжо існуючага экалагічнага цэнтра "Аптэкарскі сад" будуць праходзіць курсы па правільным зборы дзікарослых траў. Упершыню жыхары Мядзельскага раёна змогуць самі вырошчваць лекавыя расліны на прысядзібных участках. Зёлкі пойдуць на чайныя зборы, лекі і нават фітакасметыку.