Навіны Магілёўскага рэгіёна

22 декабря 2018

Кітайская правінцыя Шэньсі зацікаўлена у супрацоўніцтве з магілёўскімі вытворцамі. Сучасны цэнтр бяспекі адкрыты пры супрацоўніцтве з Еўрасаюзам. Яшчэ адна скульптура ўпрыгожыла Магілёў і стане сімвалам усіх закаханых. Якімі падзеямі насычаны тыдзень ва ўсходнім рэгіёне краіны?   Давайце даведаемся.

Кітайскія і беларускія інвестары запрошаны да больш актыўнага супрацоўніцтва. Месцам для будучых сумесных праектаў павінна стаць СЭЗ "Магілёў", якая не толькі мае дзеля гэтага пляцоўкі з развітой інфраструктурай - чыгункай, аўтамабільнымі дарогамі і інжынернымі сеткамі, але і льготныя прэферэнцыі па падатках. З беларускімі таварамі ўжо знаёмы жыхары кітайскіх правінцый. Такі намер выказалі і ў Шэньсі. Дэпутаты сяброўскіх рэгіёнаў сустрэліся ў Магілёве, каб абмеркаваць перспектывы.

Цэнтр бяспекі адкрыты ў Магілёве. Ён размясціўся ў гістарычным будынку былога пажарнага дэпо. Цяпер тут будуць выкладаць азы паводзін на вадаёмах, у лесе, на дарозе, а таксама падчас навальніцы. Інспектары навучаць аказваць першую медыцынскую дапамогу і навыкам бяспекі падчас эксплуатацыі электра- і газавага абсталявання. У арсенале планшэты дапоўненай рэальнасці, яны дапамагаюць мадэліраваць сітуацыі. У цэнтр будуць запрашаць педагогаў, бацькоў і школьнікаў.

Кадэцкі баль у Магілёве прадоўжыў марафон дабрачынных мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці". Па традыцыі ў залатой зале ЗАГСа ён сабраў мецэнатаў ад бізнесу, а таксама прадстаўнікоў сілавых структур, гарадскога і абласнога выканаўчых камітэтаў, Міністэрства спорту і турызму. Тэлевізар, камплект сілавых трэнажораў, а таксама сертыфікат на набыццё мікрааўтобуса ўручаны выхаванцам вучылішча. 

Яшчэ адна скульптура ўпрыгожыла Магілёў і стане сімвалам усіх закаханых. Яе сюжэт просты - хлопец і дзяўчына выпадкова сустрэліся ля фантана ў скверы. Яна чакала іншага, а сустрэла свой лёс і прыняла у падарунак кветкі. Тут жа з’явілася і прыкмета: калі дакрануцца да букета, абавязкова сустрэнешся з самым прыемным, цудадзейным пачуццем - каханнем.