Навіны з паўночнага рэгіёна краіны

10 июня 2017

Дом шчасця і ён жа цэнтр высокакласных медыцынскіх тэхналогій. Віцебскі абласны радзільны дом адзначае 80-годдзе. За гэты час тут з’явілася на свет больш за 200 тысяч немаўлят. Пра горад і яго жыхароў - у тым ліку знакамітага Марка Шагала - турыстычны відэапраспект гэтымі днямі здымаюць японскія тэлевізіёншчыкі. Дарэчы, у горадзе на Дзвіне ў Віцебску пачаліся 26-ыя Шагалаўскія чытанні. Гэтыя і іншыя навіны з паўночнага рэгіёна краіны – у наступныя некалькі хвілін.

Расказвае Вольга Маслоўская: Ад невялікай установы да сучаснага медыцынскага цэнтра. Віцебскі абласны клінічны радзільны дом адзначае 80-гадовы юбілей. За гэты час дзякуючы дапамозе прафесіяналаў на свет з’явіліся 200 тысяч немаўлят. Сёння ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання маці і немаўлят. Высокатэхналагічнае абсталяванне, сучасныя метады лячэння, якасная дыягностыка. Віцебскі абласны радзільны дом – прыклад паспяховай мадэрнізацыі, якую ацанілі нават за мяжой. Будучыя маці з Расіі і Украіны часта карыстаюцца паслугамі віцебскіх медыкаў.

Ніякі іншы горад не даў свету столькі творчых асоб, як Віцебск – упэўнены аўтары японскага телевізійнага праекта пра турыстычныя магчымасці Беларусі. Паўночная сталіца стала першай кропкай у вандроўцы па нашай краіне. Пасля здымак гарадскіх пейзажаў тэлевізійная група з Осакі адправілася па Шагалаўскіх мясцінах. Вялікая частка будучага фільма будзе прысвечана мастаку і яго сувязі з малой радзімай. З Віцебска японскія журналісты паедуць у іншыя рэгіёны Беларусі, а завершаць свой тур у Мінску.

Сёння ў Віцебску пачаліся 26-ыя Міжнародныя

Шагалаўскія чытанні. Удзел у навуковай канферэнцыі прымаюць 12 даследчыкаў з Беларусі, Расіі, ЗША. Даклады, прадстаўленыя на чытаннях, прысвечаны біяграфіі і творчай спадчыне Марка Шагала, 130-годдзе якога свет адзначыць у ліпені. Навукоўцы абмяркуюць тэму рэвалюцыі ў жыцці мастака, пойдзе гаворка пра дзіцячую літаратуру з малюнкамі Шагала, пра тое, якое месца ў творчасці майстра займаў тэатр. Чытанні праходзяць у Віцебску штогод з 1991 года. Матэрыялы канферэнцый друкуюцца ў выпусках "Шагалаўскага зборніка" і "Бюлетэнях Музея Марка Шагала".

5 чэрвеня праваслаўныя хрысціяне адзначылі дзень памяці святой Прападобнай Еўфрасінні Полацкай. 850 гадоў таму яна завяршыла свой зямны шлях. Тысячы вернікаў прыехалі ў Полацк, каб пакланіцца нятленным мошчам першай кананізаванай у Беларусі жанчыны. Вернікі здзейснілі адразу некалькі хрэсных хадоў, якія на падыходзе да манастыра, заснаванага Еўфрасінняй, зліліся ў адну вялікую працэсію. Святочныя набажэнствы прайшлі ва ўсіх храмах Полацкай епархіі. Удзел ва ўрачыстасцях прыняў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы Экзахр усяе Беларусі Павел.