Навіны Гродзенскай вобласці

6 апреля 2019

Гродзенская вобласць і Падляскае ваяводства Польшчы сумеснымі намаганнямі будуць абсталёўваць агульную мяжу. 

У Прынёманні стартавалі веснавыя суботнікі. На працягу месяца прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў і мясцовыя жыхары будуць добраўпарадкоўваць месцы адпачынку. 

Першы крызісны пакой міжнароднага фармату адкрыўся ў Гродне. Тут плануюць аказваць дапамогу не толькі жыхарам вобласці, але і бежанцам.

І выстава вядомага гродзенскага фотамастака Пятра Шумава, які працаваў напрыканцы 19-га - пачатку 20-га стагоддзя ў Парыжы, адкрылася ў абласным цэнтры.

Расказвае Юрый Карняловіч.

Гродзенская вобласць і Падляскае ваяводства Польшчы будуць сумесна абсталёўваць прыгранічную інфраструктуру. Аб гэтым дамовіліся кіраўнікі рэгіёнаў падчас рабочага візіту ў Гродна дэлегацыі з суседняй краіны. Цесныя эканамічныя сувязі паміж рэгіёнамі развіваюцца на працягу апошніх 10 гадоў. На Гродзеншчыне паспяхова працуюць больш за 100 прадпрыемстваў з польскім капіталам. Развіваюцца сувязі таксама і ў сферах адукацыі, культуры. Бязвізавы рэжым дазволіў актывізаваць і турыстычную галіну. Напрыклад, прынята рашэнне рэкламаваць Аўгустоўскі канал пад адзіным брэндам.

У Гродзенскай вобласці стартавалі вясновыя суботнікі. Прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і проста мясцовыя жыхары добраўпарадкоўваюць тэрыторыі гарадоў і вёсак. Першым у спісе стаў сквер абласнога цэнтра. Тут высадзілі каля сотні ліп і бяроз. Да працы актыўна падключылася і моладзь - у месцах масавага адпачынку пракладваюць пешаходныя дарожкі і займаюцца азеляненнем вуліц.

Першы крызісны пакой міжнароднага фармату адкрыўся ў Гродне. Спецыяльна адведзенае памяшканне ўжо гатова прымаць людзей, якім патрабуецца дапамога. Адначасова тут можна размясціць восем чалавек або дзве сям’і. Прыярытэт аддаецца жанчынам з дзецьмі з ліку бежанцаў і асоб без грамадзянства. А супрацоўнікі Чырвонага Крыжа пры неабходнасці могуць аказаць яшчэ і адрасную сацыяльную і псіхалагічную дапамогу.

Выстава вядомага гродзенскага фотамастака, які жыў напрыканцы 19-га - пачатку 20-га стагоддзя, Пятра Шумава адкрылася ў Гродне. Аўтар доўгі час жыў у Парыжы і працаваў са знакамітасцямі Сярэбранага веку Аляксандрам Купрыным, Марынай Цвятаевай, Маркам Шагалам і Айсядорай Дункан. А сярод сяброў фатографа значыліся такія асобы,  як Энштэйн і Дзягілеў. З 1914 года ў атэлье Шумава пабывалі дзясяткі паэтаў, пісьменнікаў і навукоўцаў, дзякуючы чаму нарадзіліся работы, якія з’яўляюцца выдатным набыткам фотакультуры.

У Гродне ўнікальная выстава фотаработ экспануецца ў Новым замку. Дарэчы, пасля горада над Нёманам творы майстра змогуць убачыць жыхары і госці сталіцы.