Навіна з Белавежскай пушчы: у запаведныя мясціны праз паўтара стагоддзя вярнуўся мядзведзь

8 июня 2019

Сляды звера на пяску ўбачылі леснікі. Цяпер вучоныя шукаюць іншыя доказы прысутнасці драпежніка. Па парку расставілі больш за 30 фотапастак. Разам з вучонымі ў дрымучых лясах пабывала Марыя Тройніч.

Для Белавежскай пушчы гэта сенсацыя: буры мядзведзь вярнуўся праз 150 гадоў. Вось фотадоказ: адбітак лапы. А побач для параўнання след дарослага мужчыны. Знайшлі мясцовыя леснікі. Паводле слоў вучоных, драпежнік знік з пушчы з-за чалавека. Апошняга мядзведзя здабылі падчас царскага палявання.

Адкуль прыйшоў мядзведзь, пакуль невядома. Як мяркуюць спецыялісты, хутчэй за ўсе, гэта падарожнiк, які шукае лепшага жыцця.

Сёння ўбачыць мядзведзя ў Белавежскай пушчы можна толькі ў вальеры. Гэта Маша і Міша. Іх прывезлі з гродзенскага заапарка. Але пасля таго як у лясах знайшлі сляды драпежніка, у вучоных з'явілася надзея, што мядзведзь зноў асвоіцца ў пушчы.

У Беларусі мядзведзь ахоўваецца дзяржавай. У краіне засталося ўсяго 100-120 асобін. Цяпер там, дзе знайшлі сляды, усталююць пільнае назіранне. Не выключна, што звер трапіць на адну з такіх фотапастак.

Тут яшчэ не ступала нага журналіста: дрымучы лес, ахоўная зона парку, дзе можна сустрэць дзікага аленя, зубра ці барсука. Менавіта за ім назірае каманда спецыяліста Ірыны Кашпей.

За жыццём барсукоў вучоныя сочаць ужо два месяцы: шукаюць норы і ставяць фотапасткі. Гэта камеры, якія рэагуюць на рух. Пацешныя звяркі ўжо не раз трапілі ў аб'ектыў.

Паводле слоў вучоных, каб мядзведзь канчаткова пасяліўся ў пушчы, яму патрэбны спрыяльныя ўмовы: корм і ціхія, глухія мясціны. А пакуль толькі застаецца чакаць, калі звер-падарожнік зноў дасць аб сабе знаць.