Наваполацкі політэхнічны каледж рыхтуе спецыялістаў самага рознага профілю

17 февраля 2018

Стапрацэнтнае працаўладкаванне пасля дыплома. Ці не такой перспектывы жадаюць выпускнікі? Наваполацкі політэхнічны каледж рыхтуе спецыялістаў самага рознага профілю. Яго гісторыя непасрэдна звязана з будаўніцтвам горада нафтахімікаў, сёлетняй культурнай сталіцай Беларусі, калі з’явілася вялікая патрэба ў будаўніках і нафтаперапрацоўшчыках.

Мая калега Марына Раманоўская ведае, якія спецыяльнасці зараз самыя папулярныя. Менавіта з гэтага пытання і пачалося інтэрв’ю ў каледжы. І вызначыць самую запатрабаваную прафесію аказалася вельмі складана. Тэхналогія машынабудавання, перапрацоўка нафты і газу - гэта толькі некаторыя з самых папулярных спецыяльнасцяў. Дарэчы, ёсць у каледжы месца і для творчасці. Прапаноўваю паглядзець сюжэт і пераканацца ў гэтым.

Аднакурснікі Кацярыны Леановіч не сумняваюцца: дзяўчына з лёгкасцю магла б паступіць на творчую спецыяльнасць. Добра спраўляецца з роляю вядучай, удзельнічае ў конкурсах і нават малюе. Нафтай. Мастацкі эксперымент - частка даследчай працы будучага тэхніка-тэхнолага.

Вытанчаныя шкатулкі, падсвечнікі і нават кветкі. Усё гэта таксама ствараюць у каледжы. Данііл Майсеенка на другім курсе. Прызнаецца: раней нават падумаць не мог, што заняткі ў майстэрні акажуцца такімі цікавымі. А прафесія тэхніка-механіка зможа прэтэндаваць на творчую.

Гэты год для каледжа юбілейны. І галоўным вынікам сваёй працы педагогі лічаць заслугі сваіх выпускнікоў, якія атрымалі прафесію ў Наваполацкім каледжы і сталі сапраўднымі прафесіяналамі на найбуйнейшых прамысловых прадпрыемствах краіны. Паказаць свае здольнасці можна падчас практыкі.

Удзел у канферэнцыях, спартыўных акцыях, падтрымка валанцёрскага руху. Сёлета запланаваны сапраўдны марафон мерапрыемстваў. А гэта значыць, што рэдакцыі газеты каледжа таксама не прыйдзецца сумаваць.