Не толькі танометр, але і IT-тэхналогіі. Фельчар хуткай дапамогі з Гродна распрацаваў мабільны дадатак да смартфона, які спрашчае працу ўрачам на выкліках. Пры яго дапамозе на экран тэлефона можна вывесці любыя нарматыўныя дакументы, а яшчэ ўрач можа аператыўна ўзгадніць свае дзеянні з медыцынскімі алгарытмамі. Дадатак прайшоў выпрабаванні і атрымаў добрыя водгукі. Дарэчы, гродзенскія медыкі працуюць над стварэннем яшчэ адной карыснай навінкі для пацыентаў. Падрабязнасці ведае Дзмітрый Смірноў.
У гэты мабільны дадатак умясціліся адразу некалькі папяровых кніжак. Сотні старонак медыцынскіх пратаколаў за 3 секунды з’яўляюцца перад вачыма ўрача.
Гэты IT-праект, запраграмаваны двума медыкамі з гродзенскай хуткай дапамогі, за год выкарыстання значна спрасціў працу медыцынскай службы. І, кажуць, нават павысіў эфектыўнасць на выкліках. Тут ёсць з чым параўнаць - да “мабільнай эпохі” брыгады вазілі з сабой невялічкую бібліятэку.
Каб пацвердзіць пазітыўны эфект ад электроннага дапаможніка, Аляксандр Байгін - галоўны урач станцыі хуткай дапамогі - прапаноўвае тэст. Алгарытм дзеянняў на адно і тое ж захворванне правяраюць два супрацоўнікі. Праўда, на розных гаджэтах.
Андрэй - адзін з распрацоўшчыкаў - удакладняе: ствараў мабільны дадатак менавіта для калег. Урач на выкліку не мае часу гартаць кніжкі. Са смартфонам усё прасцей: дастаткова адкрыць дадатак і ўвесці ў пошук першыя літары. Пратакол дзеянняў на экране мабільнага.
На пульт хуткай дапамогі кожны дзень прыходзіць больш за 300 званкоў. 35 медыцынскіх брыгад на выкліках амаль круглыя суткі. Але праграмістам “у белых халатах” удаецца знаходзіць час для новага IT-праекта. На гэты раз - выключна для пацыентаў. Хлопцы плануюць навучыць беларусаў дыягнаставаць сімптомы артэрыяльнай гіпертэнзіі.
Мабільныя дадаткі, канешне, не электроннае Міністрэрства аховы здароўя, але значны крок да стварэння электронных картак у паліклініках і агульнай базы пацыентаў. Зараз вынаходнікі шукаюць тэхнічную дапамогу сваім дадаткам - каб праграмамі маглі карыстацца як мага больш калег і пацыентаў.













