Новая змена беларускіх біятланістаў

7 июля 2018

У Навагрудскім раёне каля 300 дзяцей актыўна займаюцца біятлонам. Унікальная мясцовая спартыўная школа ўжо шмат гадоў рыхтуе будучых алімпійскіх чэмпіёнаў. Заняткі на спецыяльнай базе праходзяць круглы год і не спыняюцца нават падчас летніх канікул. Юрый Карняловіч сустрэўся з юнымі спартсменамі і даведаўся, якое дачыненне да спартыўнай школы мае Дар’я Домрачава.

Не важна - мароз ці спякота, зіма ці лета - трэніроўкі юных біятланістаў праходзяць у строгай адпаведнасці з графікам, нягледзячы на надвор’е. Толькі так, сцвярджаюць трэнеры, выпрацоўваецца характар будучых чэмпіёнаў. Таму сёння ў Навагрудскім раёне выхаванцы мясцовай дзіцячай спартыўнай школы прафсаюзаў на спецыяльную трасу выйшлі нават пад праліўным дажджом.

Андрэй Гаўраш выконвае заданні трэнера бездакорна. Слухацца настаўніка, прызнаецца юны спартсмен, гэта палова перамогі на спаборніцтвах. У свае 15 гадоў хлопец ужо прызёр адкрытых чэмпіянатаў Польшчы і Расіі, а таксама пераможца Кубка Федэрацыі біятлона Беларусі.

На роўных з хлопцамі адточваюць сваё майстэрства і дзяўчаты. Напрыклад, канёк Ксеніі Мароз – бездакорная стральба. У біятлон яе прывёў тата, і ўжо праз некалькі заняткаў юная спартсменка зразумела, што гэта менавіта той від спорту, якім будзе займацца на прафесійнай аснове. А імкнуцца ёсць куды: кумір Ксеніі - славутая беларуская біятланістка Дар’я Домрачава.

Усяго у спартыўнай школе "Фаварыт" біятлонам займаюцца каля 300 дзяцей. Трапіць сюды - вялікая ўдача. Адбор лепшых праходзіць у некалькіх раёнах Гродзенскай вобласці. Трэнеры спачатку ацэньваюць фізічныя паказчыкі, затым дасканалы агляд у гродзенскім Цэнтры спартыўнай медыцыны і толькі потым залічэнне.

Аб перспектыўнасці развіцця біятлона на Навагрудчыне сведчыць і высокая ацэнка мясцовай спартыўнай школы з боку алімпійскіх чэмпіёнаў. Знакамітая Дар’я Домрачава пасля перамогі на Алімпійскіх гульнях у Сочы вырашыла падтрымаць менавіта спартыўную школу "Фаварыт".

Цяпер у Навагрудку чакаюць Дар’ю Домрачаву, каб падзякаваць асабіста, і рыхтуюцца да сустрэчы са шматразовай алімпійскай чэмпіёнкай адпаведна. Распачалася мадэрнізацыя гоначнай трасы і стрэльбішча.

Першыя выпрабаванні абноўлены спартыўны комплекс пройдзе ўжо ў канцы жніўня. Тут адбудуцца спаборніцтвы Кубка Федэрацыі біятлона Беларусі. У перспектыве база стане аналагам сталічных Раўбіч.