Новая міні-ГЭС - у Гродзенскай вобласці

25 июня 2016

Стацыянарная гідраэлектрастанцыя магутнасцю 60 кілават з’явілася на адным з вадаёмаў паблізу абласнога цэнтра і стала 13-ай ў рэгіёне. Да канца года плануюць увесці ў эксплуатацыю яшчэ дзве гідраэлектрастанцыі. Тэму прадоўжыць Вольга Пілянчук.

Так выглядае сэрца новай міні-ГЭС. У аснове - два генератары. І дзве вертыкальныя турбіны, якія размясціліся на адным з пралётаў гідратэхнічнага збудавання. Сумарная магутнасць 60 кілават. Але іспыты паказалі - станцыя здольная выпрацоўваць і больш.

Па разліках, станцыя, якая з'явілася на беразе вадаёма, цалкам забяспечыць патрэбы мясцовай базы адпачынку ў электраэнергіі. Лішкі - а гэта 19 тысяч кілават гадзін - стануць чыстым прыбыткам. Праца станцыі не патрабуе прысутнасці чалавека - упраўленне ажыццяўляецца дыстанцыйна.

У Гродзенскай вобласці энергію з вады здабываюць 13 гідраэлектрастанцый рознай магутнасці - ад 9 кілават да 17 мегават. Самая вялікая - Гродзенская. Усе разам яны закрываюць 3% ад усіх патрэб вобласці. Да канца года ў рэгіёне запусцяць яшчэ дзве рэканструяваныя міні-ГЭС у Слоніме і Астравецкім раёне. Іх магутнасць адпаведна складзе 240 і 260 кілават.

Развіваць аднаўляемыя крыніцы энергіі ў Гродзенскай вобласці плануюць і надалей. Пад будаўніцтва ГЭС у рэгіёне ужо вызначылі 10 пляцовак.