Ноу-хау беларускай медыцыны

26 ноября 2016

Залячыць раны, моцныя апёкі і нават трафічныя язвы больш хутка і без болю. Ноу-хау беларускай медыцыны - інавацыйныя бінты на аснове хітазану. Выпускаюцца павязкі пакуль эксперыментальна, невялікімі партыямі, але паступова трапляюць у аптэчку бальніц.

У чым унікальнасць нашай распрацоўкі, якія перавагі перад замежным аналагам - даведаўся Ян Пашкевіч. Залячыць язвы, раны або апёкі з дапамогай хітазану. Гэта такі прыродны біяпалімер, які паскарае тэрмін лячэння скуры амаль удвая. Вось так выглядае інавацыйная павязка. Яна пакрыта тонкім слоем, які і складаецца з нанавалокнаў гаючага хітазану.

У такую шчыльную лячэбную павуціну пераплятаюцца мільярды мікраскапічных хітазаваных нітак – кожная з іх амаль у паўтысячы разоў танчэйшая за волас чалавека. Вытворчасцю медыцынскага ноу-хау заняліся на заводзе горнага воску. Пакуль абмяжоўваюцца толькі доследнымі партыямі – для серыйнага выпуску неабходна набыць дадатковае абсталяванне.

Лячэбную формулу беларускіх павязак на аснове хітазану вывеў гродзенскі хірург Уладзімір Меламед, а таму яго пацыенты першымі змаглі адчуць на сабе цудадзейны эфект.

Год таму маленькі Данік абварыўся кіпенем. Звыш 10 % цела хлопчыка пакрылі моцныя і глыбокія апёкі. Адзінае выйсце - аперацыя, але ў бальніцы маці Даніка згадзілася на лячэнне эксперыментальнымі павязкамі. Праз два тыдні жудасныя раны амаль зніклі.

Гаючы хітазан здабываюць з хіціну – прыроднага матэрыялу, які ўваходзіць у склад панцыраў ракападобных, тулаваў насякомых або грыбоў. Прыродны біяпалімер разбурае знутры шкодныя мікробы і стварае амаль ідэальныя ўмовы для клетак скуры - яны пачынаюць дзяліцца ў некалькі разоў актыўней.

Зараз для лячэння апёкаў і ран у асноўным выкарыстоўваюць розныя мазі. Гаючая ж павязка будуе новую скуру на 30-40 % лепш і хутчэй. Пры гэтым слой хітазану раствараецца, што значна палягчае перавязку.

Свае павязкі з хітазанавай павуціны ўжо стварылі еўрапейскія і расійскія вучоныя, але беларускі гаючы бінт ім нічым не саступае, акрамя цаны – ён больш чым у тры разы таннейшы.