Начныя гонкі бяспраўніка з шасцю экіпажамі ДАІ

4 февраля 2017

У Гомелі на тыдні актыўна абмяркоўвалі начныя гонкі бяспраўніка з шасцю экіпажамі ДАІ. Язда на чырвоны сігнал, небяспечныя абгоны, выезд на сустрэчную паласу - спыніць нецвярозага зуха ўдалося толькі з дапамогай “Ліяны”. Наш карэспандэнт Вольга Халадовіч падлічыла: вадзіцель-экстрэмал наездзіў на 21 пратакол.

Гэта не здымкі галівудскага блокбастара. Але гледачоў такі начны фарсаж сабраў нямала. А ў першую чаргу супрацоўнікаў ДАІ. Машына на вялікай хуткасці выпісвала віражы з бока ў бок.

Пасля патрабавання інспектара спыніцца вадзіцель наадварот дадаў газу. Экіпаж ДАІ пачаў праследаванне. А мужчына за рулём ВАЗа паказаў усе свае навыкі экстрэмальнага кіравання. Пралятаў скрыжаванні на чырвонае святло, выязджаў на сустрэчную паласу, не прапускаў пешаходаў, абганяў машыны. Затрымаць гомельскага шумахера спрабавалі адразу 6 экіпажаў.

Падчас праверкі высветлілася, што 42-гадовы жыхар Гомеля парушаў правілы дарожнага руху ўжо 50 разоў, яго затрымлівалі і ў нецвярозым стане. Толькі вось пазбавіць вадзіцельскіх правоў зуха няма магчымасці - іх ён проста не мае.

А гэта вынікі яшчэ аднаго аматара хуткасці, які ўчыніў фарсаж у цэнтры Гомеля. Яго, праўда, спынілі не супрацоўнікі ДАІ, а жалезная агароджа. Вадзіцель з'ехаў вось з гэтага кальца і скончыў сваё падарожжа тут. Вынік - відавочны.

Падрабязнасці абодвух ДТЗ зараз высвятляюць праваахоўнікі. Што датычыцца аматара хвацкай язды, то за свой начны дрыфт ён можа заплаціць 4600 рублёў.