Ні адзін хлопчык ці дзяўчынка не павінны застацца без бацькоўскай пяшчоты і цеплыні

11 января 2020
Ні адзін хлопчык ці дзяўчынка не павінны застацца без бацькоўскай пяшчоты і цеплыні, і гэта, бадай, галоўная мэта маштабнага ў Беларусі праекта па адкрыцці дамоў сямейнага тыпу. Усе клопаты па іх будаўніцтве бярэ на сябе дзяржава. Дарослым застаецца толькі ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне дзяцей, якія засталіся без апекі сваіх родных бацькоў. Разам яны ствараюць новую вялікую сям’ю, дзе не дзеляць на сваіх і чужых. І вось наваселле адзначыла яшчэ адна - у Бабруйску - і стала 50-й у Магілёўскай вобласці. Андрэй Ястрабаў накіраваўся ў госці да навасельцаў. 

Маленькі Захар трапіў у новую сям’ю, калі яму было ўсяго два гады. Родныя былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Хлопчык нават размаўляць не ўмеў. Цяпер больш спрытнага і не знайсці. Ён пад наглядам Ільі, які для Захара стаў старэйшым братам.  

А вось Вікторыя без апекі родных бацькоў з трох гадоў. Ужо аднойчы пабывала ў прыёмнай сям’і. Зараз дзяўчынцы 15. Аднак толькі цяпер - у доме сямейнага тыпу - лічыць сябе самай шчаслівай. Такім чынам, дружная сям’я Парфёнавых папоўнілася яшчэ пяццю дзеткамі. І стала іх дзевяць. Нялёгка, расказвае гаспадыня дома. Аднак разам усё магчыма. 

Павіншаваць сям’ю з наваселлем завіталі шэфы, сябры, прадстаўнікі абл- і гарвыканкама. Уручаныя шматлікія падарункі: грашовыя сертыфікаты, бытавая тэхніка, ноўтбук і мэбля. На 250 квадратных метрах новага дома ім знойдзецца месца. Гасцей навасельцы частавалі гарбатай і ўласнымі пірагамі. 

Тым часам Парфёнавы мараць пра павелічэнне сям’і. Бо месца хопіць для ўсіх. Як і на ўсіх - бацькоўскай цеплыні.  Хутка ў Магілёўскай вобласці адсвяткуюць яшчэ адно наваселле. Гэтым разам - у Асіповічах. Да ўрачыстасці рыхтуецца шматдзетная сям’я, якая стане 51-й на ўсходзе краіны.