Нестандартныя прафесіі ўсё часцей выбіраюць прадстаўніцы прыгожага полу

9 марта 2019
Пілот, сталяр або механік. Нестандартныя прафесіі ўсё часцей выбіраюць прадстаўніцы прыгожага полу. Нароўні з калегамі-мужчынамі рамантуюць аўтамабілі і складаныя станкі, а таксама самастойна ствараюць арыгінальныя прадметы мэблі. З поспехам разбураюць стэрэатыпы і гераіні нашага наступнага сюжэта. 

Аляксандра Кавеліч пра  жанчын незвычайных прафесій.  Як ператвараецца электраэнергія і што рабіць, калі здарылася кароткае замыканне, Маргарыта Баглай ведае без запінак. Пад  кантролем электрамеханіка – вялікая цягавая падстанцыя. Складанае абсталяванне размяркоўвае электраэнергію па розных участках чыгункі, а таму любы збой тэхнікі можа прывесці да спынення цягнікоў. 

Маргарыта з прафесійным запалам праводзіць экскурсію і для нашай здымачнай групы. Як рухаюцца цягнікі, дзяўчыну цікавіла яшчэ з дзяцінства.  

Ужо чатыры гады дзяўчына паспяхова спраўляецца з мужчынскай працай. У адказ зараджае калег сваёй музычнай энергіяй. 

Драўляныя брускі ў руках Анастасіі Комар ператвараюцца ў арыгінальныя прадметы дэкору. Сацыяльны педагог па прафесіі вырашыла поўнасцю змяніць прафесійны напрамак, цяпер дызайнер і сталяр, стварае аўтарскія вырабы з прыродных матэрыялаў. 

Мініяцюрная дзяўчына спрытна маніпулюе сталярнымі інструментамі. Падтрымліваць добрую фізічную форму дапамагаюць заняткі па тайскім боксе. Таму ў майстэрні гул пілы ці шліфавальнай машыны часам не сціхае і пасля паўночы. 

Па параду да Анастасіі звяртаюцца і маладыя майстры – дарэчы, сярод іх і дзяўчаты. Разбураць прафесійныя стэрэатыпы імкнуцца ўсё больш прадстаўніц прыгожага полу. Сярод спецыяльнасцяў, якія ўсё часцей засвойваюць жанчыны, не толькі сталяр або электрамеханік – каваль, вадзіцель і нават пілот.