Незвычайнае вышыванне

5 марта 2016

Навучэнцы віцебскага каледжа ствараюць карціны на метале і вышываюць без іголкі. Новыя тэхнікі педагогі-наватары з вучнямі пачалі асвойваць некалькі месяцаў таму. Сёння экспазіцыю ўпрыгожваюць каля паўсотні работ. З незвычайнай калекцыяй пазнаёміўся Артур Смалякоў.

Сёлета Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж стварае эксклюзіў. Навучэнцы асвойваюць кітайска-японскія тэхнікі вышывання на метале і шарах. Незвычайныя ўзоры нагадваюць калейдаскоп, а сіметрыя малюнкаў гіпнатызуе кожнага.

Гэтага кругляша з тысячагадовай гісторыяй завуць тэмары. Калісьці ён быў дзіцячай цацкай, цяпер - форма прыкладнога мастацтва з тысячамі прыхільнікаў ва ўсім свеце. Мініяцюрныя шэдэўры лічаць абярэгам і дораць на святы. У старажытным Кітаі шары рабілі з абрэзкаў старога адзення. У віцебскіх унутры папера.

Тэмары нарадзіліся ў Кітаі, а кінусайга - у Японіі. Гэты від творчасці віцябляне пачалі вывучаць на факультатывах у верасні. Тэхніка незвычайная. Пэчварк з кавалачкаў без іголкі. Каб асвоіць, трэба працаваць уважліва. Адну карціну ствараюць тры тыдні.

Карціны з абрэзкаў і вышыўка на шарах - толькі частка ноу-хау ўстановы. Ёсць і больш брутальныя заняткі.

Навучыцца вышываць крыжыкам - не праблема, але рабіць гэта на метале можа не кожны. Майстар-клас у незвычайнай тэхніцы дадуць навучэнцы віцебскага каледжа. Выйсці за рамкі традыцыйнага для іх - звычайная справа.

На талерках і патэльнях фантазія наватараў не спыняецца. Будучыя швачкі заўсёды гатовы пусціць у ход цяжкую артылерыю.

Незвычайных работ у індустрыяльна-педагагічным ужо каля 50, і іх колькасць расце з кожным днём. Лепшыя творы праз тыдзень паедуць на рэспубліканскую выставу, дзе віцябляне заўсёды лепшыя.