Не проста маршрут, а гісторыя

4 февраля 2017

У Гродне курсіруе тралейбус, які выехаў на гарадскія вуліцы яшчэ ў 1947 годзе. Сёння гэта сапраўдны музей на колах, і яго можна наведаць - дастаткова проста прабіць талончык. А вось цікава, ці былі ў абласным цэнтры 40 гадоў таму аўтамабільныя заторы і такое паняцце, як гадзіна пік, і навошта вадзіцелі тралейбусаў выходзілі з-за руля на скрыжаваннях? Адказы ў Дзмітрыя Смірнова.

Уладзімір Пахаркоў, напэўна, лепш за іншых у Гродне ведае, што значыць быць у час. За 39 гадоў - аніводнага спазнення. Ён вадзіў тралейбус па некалькіх маршрутах - ад самага першага ў 1974 і да сучасных машын. Зараз едзе разам з намі ў рэтратралейбусе ў ўспамінае той дзень, калі перад жыхарамі Гродна ўпершыню адчыніліся дзверы, так мовіць, рагатага грамадскага транспарту.

Першы тралейбусны маршрут у Гродне злучыў хімічнае прадпрыемства “АЗОТ” і цэнтр горада - Савецкую плошчу. Кожны дзень на дзве змены першыя 10 гарадскіх тралейбусаў перавозілі больш за 30 000 пасажыраў. Сёння ўжо каля 200 000, але для таго часу лічба была сур’ёзная. Кіраваць тэхнікай было няпроста, успамінае Уладзімір. Без гідраўзмацняльніка руля на вузкіх старажытных вуліцах часта здараліся кур’ёзы.

Тым не менш адзін з тых самых першых тралейбусаў і дагэтуль на хаду.

Гэта амаль як дзіцячая мара, якая здзейснілася, - сесці за руль сапраўднага тралейбуса. Дарэчы, менавіта гэтая машына ўжо некалькі гадоў збірае гродзенцаў на прыпынках.

У тралейбусным упраўленні ад такога рарытэту не адмовіліся і не спісалі - зрабілі амаль што музей на колах. На шыбах і сценах - паўсюль фотаздымкі і гістарычныя даведкі.

Цікава, але ж старая абшыўка на крэслах дагэтуль прызнаецца сярод экспертаў найлепшай за ўсе часы. І ўсё ж зараз у грамадскім транспарце настае новая эпоха - бескантактныя тралейбусы і ёмістыя акумулятары.

Між тым ва ўпраўленні працуюць над аднаўленнем гістарычнай экспазіцыі і абмяркоўваюць праект новых бескантактных маршрутаў.