Напалеон Орда вяртаецца на радзіму

14 ноября 2015

Забытая ў ХХ стагоддзі старонка гісторыі нацыянальнай культуры Беларусі адкрываецца па-новаму. У вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна - на малой радзіме Напалеона Орды – з'явіўся музей таленавітага земляка. Рэпартаж Ірыны Нікіцінай.

Стварыць на радзіме Напалеона Орды музейны комплекс – ідэя мясцовых жыхароў. Людзі не адзін год збіралі звесткі пра таленавітага земляка, работалі з дакументамі. Дапамагла праграма трансгранічнага супрацоўніцтва. Сёння новы музей Напалеона Орды – гэта чатыры выставачныя залы і больш за тры тысячы экспанатаў.

Напалеон Орда нарадзіўся ў вёсцы Варацэвічы Пінскага ўезда Мінскай губерні ў 1807 годзе. Памёр у 1883 у Варшаве. Але, паводле завяшчання, цела Напалеона Орды пахавалі ў фамільным склепе ў горадзе Янава, цяпер Іванава Брэсцкай вобласці. Мясцовыя жыхары з павагай ставяцца да свайго земляка. Дарэчы, у Іванава знаходзіцца адзіны ў Еўропе помнік Напалеону Ордзе.

Мастак і кампазітар. Спадчына Напалеона Орды – гэта больш за тысячу акварэляў і графічных работ. Ён - аўтар двух дзясяткаў музычных твораў. Быў асабіста знаёмы з Шапэнам. Браў урокі кампазіцыі ў Ліста.

Орда любіў падарожнічаць. Усе ўражанні – на шматлікіх замалёўках: Камянецкая вежа, палацы ў Міры, Навагрудку, Нясвіжы, Гродне.

Гасцяваў Напалеон Орда і ў шляхецкім маёнтку Нямцэвічаў на ўскрайку Брэста. Рукатворнае сведчанне - літаграфія фасада будынка. Маёнтку Нямцэвічаў пашанцавала захаваць першасны выгляд. У той час як многія ўнікальныя палацы і замкі засталіся выключна ў работах Орды.

Яны - каштоўная крыніца для рэстаўратараў. Па малюнках Напалеона Орды адноўлена і архітэктура яго радавога маёнтка, дзе, дарэчы, і размясціўся новы музей. 



Зараз чытаюць