Знаходкі родам з Сярэдневякоўя

28 октября 2017

Пачатак раскопак і першыя знаходкі з 600-гадовай гісторыяй. У Гродне на тэрыторыі Старога замка ідуць рэстаўрацыйныя работы. На аб'екце працуюць і археолагі. У рукі навукоўцаў трапіла шахматная ладдзя часоў князя Вітаўта. Спецыялісты мяркуюць, што яна зроблена з рогу дзікай жывёлы. Гэта другая шахматная фігура, знойдзеная на тэрыторыі замка ў Гродне. Папярэднюю навукоўцы паднялі 86 гадоў таму. Спіс знаходак папоўнілі таксама залаты жаночы пярсцёнак, каваная спражка ад рэменя, цвікі родам з Сярэдневякоўя.

Праект рэстаўрацыі Старога замка прадугледжвае яго аднаўленне па выявах XVI стагоддзя. Гэта час праўлення вядомага князя Вялікага Княства Літоўскага і караля польскага Стэфана Баторыя. Замак быў пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара Санці Гучы. Спецыялісты з Гродна адмыслова вывучалі збудаванні італьянца ў Кракаўскім замку.