Узнагароды "За духоўнае адраджэнне" атрымалі 5 чалавек

16 января 2016

Урачы і мастацтвазнаўцы, царкоўныя дзеячы і навукоўцы. Па выніках 2015 года ўзнагароды "За духоўнае адраджэнне" з рук Прэзідэнта краіны атрымалі 5 чалавек. У ліку лаўрэатаў - настаяцель касцёла Святой Тройцы з Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці Чэслаў Курэчка.

З чалавекам, які дзеліцца душэўным цяплом і мудрасцю з кожным, пазнаёміўся Артур Смалякоў. Вось ён, Траецкі касцёл з асаблівай гісторыяй, дзе нясе службу Чэслаў Курэчка. Менавіта тут адбылася асвейская трагедыя. У лютым 1943 года фашысты сагналі ўсіх мясцовых у храм. Жыццё хацелі дараваць толькі двум ксяндзам. Але яны пайшлі ў агонь разам з прыхаджанамі.

Падчас каральнай аперацыі на Асвейшчыне немцы знішчылі больш за 300 населеных пунктаў. У Росіцы загінулі 1528 чалавек. 10 Хатыняў адразу. Ахвяру мясцовых святароў прызналі подзвігам. Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру кананізавалі ў 1999 годзе. З таго часу ў вёсцы кожны год ладзіцца дзень памяці ксяндзоў. Паломнікі з розных краін чытаюць малітвы і любуюцца цюльпанамі вакол касцёла, якіх роўна 1528. Кветкавую алею заклаў цяперашні настаяцель, айцец Чэслаў - у памяць аб ахвярах вайны.

Ураджэнец браслаўскай зямлі Чэслаў Курэчка ў Росіцу прыехаў 8 гадоў таму. І адразу пачаў ператвараць сяло на мяжы з Латвіяй ў райскі сад. Добраўпарадкоўваць дапамагалі і мясцовыя жыхары, і прыезджыя. Пасля вайны тут шмат перасяленцаў. Большасць - праваслаўныя. Але нягледзячы на розныя канфесіі, усе яны шчыра дапамагаюць чалавеку, які сее ў вёсцы дабро.

Ксёндз упэўнены, галоўнае ў жыцці - любоў да Бога, людзей, і роднай зямлі. Менавіта гэтаму маленькага Чэслава вучыла маці, зараз гэтаму ён вучыць вернікаў. Сёлета Чэслаў Курэчка сярод тых, хто стаў лаўрэатам прэміі "За духоўнае адраджэнне".

Ксёндз запэўнівае, высокая ўзнагарода - гэта заслуга кожнага, хто яго акружае. Людзі ж, наадварот, сцвярджаюць, што без жыццёвай энергіі і аптымізму святара нічога б не было.

Па прафесіі Чэслаў Курэчка - кухар. Пра яго кулінарныя здольнасці ведаюць далёка за межамі Росіцы. Ведаюць і пра кветкавыя алеі. На тэрыторыі Траецкага касцёла больш як 300 відаў раслін. Як гаворыць ксёндз Чэслаў, гэтай зямлі больш не хочацца плакаць. Менавіта таму тут так добра растуць кветкі.



Зараз чытаюць