На занятках у адной з гомельскіх школ навучаюць лозапляценню

12 мая 2018

Замест ручкі і сшытка ў руках вярбовая лаза. На занятках у адной з гомельскіх школ навучаюць лозапляценню. Найстаражытнейшае майстэрства выкладаюць па спецыяльна зацверджанай праграме. І такога няма больш ні ў адной школе Гомельскай вобласці.

На незвычайным ўроку пабывала Ганна Кавалёва. Плеценыя вазы, вытанчаныя кошыкі, скрыні. З лазы тут робяць многае: ад адзення да мэблі. Прычым ўсё дзіцячымі рукамі. У вучнях Сяргея Гергенсона - паўтара дзясятка школьнікаў. На яго ўроках юныя рамеснікі спасцігаюць адно з самых старажытных рамёстваў - лозапляценне. Кожны прыйшоў да яго сваім шляхам. Некаторые займаюцца ўжо па 5 гадоў.

Работы школьнікаў займаюць прызавыя месцы на конкурсах рознага ўзроўню: ад гарадскіх да міжнародных. Праўда, шлях да перамог доўгі. Пачынаецца ён з нарыхтоўкі матэрыялу: галінкі вярбы трэба сабраць, праварыць, ачысціць ад кары. У выніку яны ператвараюцца ў паслухмяныя пруткі. Захоўваюцца 5 гадоў.

Тут выкарыстоўваюць лазу 8 відаў. Усяго ж іх каля 20. Багатая і палітра тэхнік. Яны з'явіліся за 8 тысяч гадоў існавання рамяства. Для Беларусі лозапляценне – візітная картка. З лазы стваралі прадметы побыту і нават абутак - знакамітыя плеценыя лапці.

Класічныя вырабы пачынаюць плесці з донца. Затым - сценкі, загіб і ручка. Працэс працаёмкі - спатрэбіцца некалькі тыдняў. Вынік - вось такі прыгожы кошык.

Дарэчы, 61-ая школа Гомеля - адзіная ў вобласці, дзе аўтэнтычнаму майстэрству навучаюць на такім узроўні. Дзеля гэтага распрацавалі праграму, якая зацверджана Міністэрствам адукацыі. З тых часоў мінула 13 гадоў. Увесь гэты час у ролі нязменнага выкладчыка - Сяргей Гергенсон.

Творчая брыгада вучняў і педагога дае майстар-класы. Часам дзеля гэтага едуць у іншы горад. У планах - арганізаваць спецыялізаваны абласны конкурс сярод юных майстроў.

На продаж вырабы не ідуць. Аднак ахвочых атрымаць такі сувенір хапае. Нядаўна паступіла прапанова стварыць памятныя падарункі для ўдзельнікаў міжнароднага эканамічнага форуму, што адбудзецца ў Гомелі праз два тыдні. Праца ўжо ідзе. Хутка будзе гатовая першая партыя плеценых падносаў. На некаторых зробяць мастацкі роспіс: на іх з’явяцца гістарычныя месцы вобласці.